Навіны

У Гародні пачаўся цыкл лекцый прысвечаных 100-годдзю БНР

У Гародні ў „Цэнтры гарадскога жыцця” пачаўся цыкл лекцый доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука, які прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Першая лекцыя мела на мэце апавесці пра фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі.

Цяжкі шлях для беларусаў на шляху да нацыянальнай дзяржаўнасці быў цяжкі і рызыкоўны. У слухачоў гісторыя няўдач і пошукаў нацыянальнай ідэі выклікала эмоцыі, рэплікі і пытанні:

– Лекцыя вельмі цікавая, увогуле Алесь Смалянчук мне вельмі падабаецца, як лектар, як гісторык. Першая лекцыя, я з цікавасцю прыйшла, вельмі хацела паслухаць менавіта на гэтую тэму, якая была заяўлена. Беларусы ўвесь час каяцца і кажуць, што яны такія нягеглыя і г. д. Насамрэч мне падаецца, што гэта няправільна, так нельга рабіць. Праўда, яна правільная, праўду трэба расказваць, але ведаць нейкія межы.     

У выступе Алесь Смалянчук расказаў пра дынаміку развіцця нацыянальнай ідэі канца 19-га і пачатку 20-га ст. Што нацыянальным дзеячам даводзілася шукаць зручнай беларускай ідэі, каб даць ёй развіцца да ідэі масавай. Таму яны былі і сацыялістамі, хрысціянскімі дэмакратамі і краёўцамі. Увогуле вынікамі першай лекцыі прафесар задаволены:

– Уражанні самыя добрыя, бо шмат зацікаўленых вачэй, людзям сапраўды цікава, уважліва слухаюць, здаецца ўсё прайшло вельмі добра. Хацелася нагадаць пра тыя падзеі, якія адбываліся 100 гадоў таму, паказаць намаганні беларускіх дзеячоў, як ідэя беларускай дзяржаўнасці і змагання за яе паўстала. Гэта спроба на гістарычным матэрыяле паразважаць пра сённяшні і заўтрашні дзень Беларусі.     

Наступная лекцыя з цыклу пройдзе 19-га студзеня, і будзе прысвечана айцам БНР ды іх лёсу. Пачатак лекцыі а 18-30. 


13.01.2018

праваабарончыя сайты