Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Буйло

14 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускай паэткі Канстанцыі  Буйло, айчыннай творцы, якая перажыла некалькі эпох і была сведкай многіх падзей. Нарадзілася яна ў Вільні ў 1893-ім годзе, там жа атрымала сваю першую адукацыю. Бацька будучай паэткі працаваў аб’езднікам коней ні то ў графа Тышкевіча, ні то ў князя Гагарына, а пасля пераезду ў мястэчка Вішнева Ашмянскага павету, стаў арандатарам. Буйло, скончыўшы ў Вільні настаўніцкія курсы, потым працавала ў школе на Лідчыне, загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. Пасля таго як кнігарня зачынілася, перайшла на працу ў земскі саюз. У 1923-ім годзе лёс закінуў яе ў Маскву. З 1933-га году, калі яе муж Віталь Калечыц патрапіў пад сталінскія рэпрэсіі, працавала на заводзе. Усё далейшае жыццё паэткі прайшло ў Маскве, дзе яна была на службе ў розных прамысловых установах. Вершы на чужыне не пісаліся.

Як і многія іншыя беларускія творцы Канстанцыя пачала друкавацца ў віленскай “Нашай ніве”. Газету выпісваў бацька, праз гэта Канстанцыя зацікавілася беларушчынай. Прычым першыя вершы былі змешчаны пад імем яе брата Эдуарда. Юнай творцы тады было 16 гадоў. Паэтка сталела разам з легендарнай газетай. Першы зборнік паэзіі Буйло “Курганная кветка” выйшаў у Вільні ў 1914-ым годзе ў легендарнай друкарні Марціна Кухты. Рэдактарам гэтай кніжачкі быў Янка Купала. Канстанцыя сябравала з ягонай жонкай – Уладзіславай Луцэвіч. А афармляў “Курганную кветку” (яна была выдрукавана таксама факсімільна ў 1989-ым) Язэп Драздовіч. Янка Купала звяртаўся да яе так “Пішыце яшчэ і яшчэ!” і прысвяціў Буйло верш “Мая думка”. У тым жа 1914 годзе Канстанцыя па рэкамендацыі Алаізы Пашкевіч узначаліла беларускую кнігарню ў Полацку.

Пазней, цягам розных гадоў, у паэткі выйшаў яшчэ дзесятак паэтычных зборнікаў, сярод якіх і кніжка вершаў для дзяцей “Юрачка”. Максім Гарэцкі лічыў Канстанцыю Буйло “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай паэзіі”. Мела прызнанне паэтка і ад уладаў БССР, якія ўганаравалі яе тытулам заслужанай дзяячкі беларускай культуры. Хоць у савецкі час яе і папракалі ў празмерным беларускім патрыятызме. Можа таму спадарыня Канстанцыя і адмовілася святкаваць у 1968-ым годзе свой юбілей. Ёй было гэта непатрэбна. Напэўна ў чужой Маскве паэтка адчувала сябе птушкай з падрэзанамі крыламі. Яна так і заявіла: “Што адзначаць? – Што з плеяды нашых пісьменнікаў адна засталася, як сасна на галявінцы, хістацца над магілай ссечаных дрэваў?”.

У творчасці Канстанцыі Буйло знайшлі шырокае адлюстраванне фальклорныя матывы. А адзін з яе вершаў, які паклаў на музыку Мікола Равенскі, стаў народнай песняй “Люблю наш край, старонку гэту” – ці не найвялікшае прызнанне для творчай асобы. Менавіта Канстанцыя Буйло выкарыстала ў дачыненні да Беларусі эпітэт “сінявокая”, які замацаваўся ў літаратуры і звычайнай мове трывала.

Канстанцыя Буйло амаль дажыла да незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Памерла яна ў 1986-ым у разгар “перабудовы” у Маскве, урна з парэшткамі была прывезена ў Беларусь і пахавана на могілках у Вішневе (Валожынскі раён). Мясцовая вішнеўская школа носіць яе імя.

14.01.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты