Навіны

Пра Марс, Расею, Нямеччыну і іншых

Людзі паляцяць на Марс! Гэта ўжо вырашана! Прычым вырашана не толькі нейкім там багатым агенцтвам, якое не ведае куды ўкласці грошы і таму распрацоўвае ідэі галактычнага роўню, але вырашана і самымі людзьмі таксама. Тымі самымі дзядзькамі і цёткамі якія на той Марс палятуць. І паляцяць яны толькі ў адзін канец, без вяртання на Зямлю.

Пазіцыя агенцтва тут зразумелая. Палёты ў два бакі вельмі дарагія і на сённяшні момант абсалютна бессэнсоўныя. Ну сапраўды, навошта адпраўляць чалавека на другую планету каб ён вярнуўся назад? Уклалі грошы абы куды, называецца. З такім жа поспехам можна адправіць каня. А вось калі чалавек там застанецца, разбярэцца што да чаго, што мала верагодна, ды яшчэ раптам можа выжыве, вось тут нейкая логіка праразаецца. У агенцтва.

Але і для чалавека, зямляніна, нашага з вамі сучасніка, логіку мае таксама толькі палёт у адзін бок. І хоць тут логіка цалкам адваротная агенцкай, але ж таксама зразумелая. Ну які сэнс рызыкаваць жыццём, трэсціся месяцамі ў цесным касмічным караблі, жэрці ежу з цюбікаў і прапусціць мноства аднолькавых як блізнюкі серый любімай мыльнай оперы, каб зноў вярнуцца туды ж сама, адкуль з такой цяжкасцю ўцёк?!!

Вось таму я перакананы, што для добраахвотнікаў, якія вырашылі рвануць з цывілізацыйна-тэхнічнага зямнога раю на нязведаную планету ў нібыта варожы для жыцця асяродак у фразе “палёт на Марс толькі у адзін канец” ключавымі і прывабнымі словамі былі менавіта “толькі ў адзін канец”. Вось так! Хоць куды! Хоць з якой рызыкай! Абы толькі падалей адсюль і каб ніколі не вяртацца!

Ну ёсць жа ж людзі, якіх нічога тут не трымае. Большасць то не могуць сабе дазволіць такой раскошы, бо трэба зарабляць на дзяцей, ці здаць сесію, ці не спазніцца на працу… Ну ці мала ў нас тых абцяжарваючых абставін? А вось уявіце сабе, што вас тут анічога не трымае! І што, вы не ўцяклі б адсюль, каб больш не бачыць што тут робіцца?

Ну канешне ж вы рванулі б адсюль, каб не бачыць і не чуць усяго гэтага. Ну як можна ўжо больш чым паўгода глядзець на тое, як, прыкладам, у расейскім невялічкім гарадку Новы Урэнгой мноства дарослых людзей з вялікімі дзяржаўнымі пасадамі дастаюць душу з мясцовага школьніка. І толькі за тое, што ў расейскай дзіцячай дэлегацыі, якая наведвала Нямеччыну, ён з шкадаваннем у Дзень смутку выказаўся пра нямецкага жаўнера, які трапіў у савецкі палон. Не-не. Хлопчык асудзіў нямецкі фашызм, але пашкадаваў немца, сказаўшы, што не ўсе нямецкія салдаты хацелі ваяваць. Гэтага хапіла, каб у Расеі яго абвінавацілі ў апраўданні фашызму. І цяпер дзяўбуць і яго, і яго школу ўсе тыя чыноўнікі, якія толькі так і могуць паказаць свой патрыятызм і толькі такім чынам быць заўважанымі галоўным патрыётам. А колькі тых, хто разумее гэты абсурд, і маўчаць як мыш пад венікам. І ў Расеі і за яе межамі маўчаць. Баяцца панепакоіць таго патрыёта.

Ну пра сённяшнюю Расею усё ясна. А што ж Нямеччына? Ці заступілася яна хоць як за таго хлопчыка, што немца пашкадаваў? Памятаю, як пару дзясяткаў гадоў таму руская жанчына хацела зняць антысеміцкі надпіс ля дарогі. Надпіс аказаўся замініраваны і яе добра пакалечыла. Тады Ізраіль адразу заклапаціўся і яе лячэннем, і яе рэабілітацыяй. Але гэта было тады!!! З таго часу свет змяніўся. І зараз рускаму хлопчыку з міралюбівым сэрцам месца няма не толькі ў родным горадзе, але хіба што на планеце. Прынамсі нямецкія палітыкі яго праблемай не асабліва заангажаваліся.

Гэта ўсяго адзін дробны прыклад пра сённяшні свет. За астатнімі хадзіць далёка не трэба. Асабліва нам, беларусам. І асабліва тады, калі мы параўноўваем, як цывілізаваны свет некалі падтрымліваў аднадумцаў той жа польскай Салідарнасці, ды і не толькі польскай апазіцыі, і як ён сёння ўспрымае беларускую.

І калі яшчэ нядаўна чалавек у антыдэмакратычных краінах мог хаця б марыць на падтрымку справядлівага свету, то сёння ён спадзяецца выключна на палёт на Марс. І толькі ў адзін канец. Каб, як з Зямлі з ім наладзяць першую тэлевізійную сувязь, ён мог адтуль паказаць сюды сярэдні палец. Усім паказаць. І адключыць відэасувязь.

Віктар Сазонаў


17.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты