Навіны

Маскі і абліччы

У свеце татальнага падману і ашуканства асабліва прыемна, калі палітыкі публічна здымаюць маскі і дэманструюць сваю сапраўдную сутнасць і непрыхаванае аблічча. У гэтым сэнсе парадаваў на мінулым тыдні сваімі “откровениями” нязменны кіраўнік Расейскай Федэрацыі. Цуда, канешне, не здарылася – сваёй віны ў гібелі, прыкладам, маракоў падлодкі “Курск”, ці дзяцей чачэнскага Бяслану, ці ахвяраў спектаклю “Норд-Ост” на маскоўскай Дуброўцы, ці іншых злачынстваў Уладзімір Пуцін не прызнаў і ніколі не прызнае. За ўсё гэта ён адкажа хіба перад Вышэйшым судом, бо нават да Гаагскага трыбуналу яму паплечнікі не дадуць дабрацца. Але вернемся да сімвалічных словаў Уладзіміра Уладзіміравіча, сказаных у інтэрв’ю для фільма “Валаам” і шырока паказаных на адным з дзяржаўных прапагандысцкіх тэлеканалаў. Не міргнуўшы вокам, ён з філасофскім апломбам заявіў, што цела Леніна ў маскоўскім маўзалеі можна параўнаць з мошчамі святых хрысціянскай царквы. Пры тым крамлёўскі ўладар не прамінуў, канешне, параўнаць ідэалогію камунізму з хрысціянскім вучэннем. Такое параўнанне было модным яшчэ на золку перабудовы, калі прадстаўнікі камуністычнай партыі апраўдвалі ім і злачынствы бальшавізму-камунізму і сваё знаходжанне ў гэтай партыі.

“Шчырасці” Пуціна канешне замілоўваюць. Бо з гледзішча хрысціянскага вучэння ён сказаў відавочную ерась, у самым першым і галоўным значанні гэтага слова. І сказана гэта было ў дзяржаве, дзе паводле розных сацыялагічных даследаванняў ад 70 да 75 адсоткаў насельніцтва залічае сябе да праваслаўнай канфесіі. Ну і што – скажаце вы – і будзеце мець рацыю. Заяўляў жа публічна з гэткай сама непасрэднасцю, яшчэ на пачатку свайго кіравання, такі ж нязменны на сваёй пасадзе Аляксандр Лукашэнка, пра тое, што ён “праваслаўны атэіст”. І нічога – дагэтуль пераважная бальшыня праваслаўнага кліру, ды і значная частка каталіцкага, не кажучы ўжо пра звычайных прыхаджанаў, забяспечваюць яму сваю галосную ці негалосную электаральную падтрымку. А тое, што “па пладах” пазнаеце вы іх – хто разбіраецца з тымі кветкамі ды пладамі.

Некаторыя аналітыкі нават адзначылі, што такім выказваннем Пуцін напярэдадні сваіх чарговых перавыбараў здабывае сімпатыі часткі камуністычнага электарату. І, відаць, значная рацыя ў гэтым ёсць. А тым, хто хоць крыху мае клёпак у галаве, даўно зразумела – для кагэбэшніка праваслаўе – гэта проста шырма, не больш чым палітычнае прыкрыццё. Гэты палітык яшчэ на золку свайго кіравання на пытанне – “ці верыць ён у Бога” – наўпрост адказаў, што ён “верыць у чалавека”. Так што кіраўнікі Расеі і Беларусі – выразныя атэісты альбо паслядоўнікі магізму (цела Леніна ў маўзалеі, шматлікія ідалы Ільіча на плошчах гарадоў – яскравая таму ілюстрацыя), але ніяк не праваслаўныя хрысціяне. Зрэшты, яны сябе такімі і не называюць. Тут аблічча якраз не хаваецца. І не адлюстроўваецца на папулярнасці. Бо нашая прастора, пра якую любяць пісаць народнікі як пра духоўную, сама насамрэч скрозь атэістычная.

А вось, прыкладам, у Нямеччыне палітыкі, якія называюць сябе хрысціянскімі дэмакратамі, проста замілоўваюць. Зачароўваюць сваім абліччам нібы той старажытнарымскі паганскі бог Янус. Да людзей з выбарчымі праграмамі яны ідуць нібыта як хадэкі, а потым у бундэстагу галасуюць за аборты, за ўзаконьванне аднаполых шлюбаў і таму падобнае. Нават іх лідар – таксама амаль нязменная на вяршыні ўлады фраў Меркель, заклікае галасаваць не па праграмных прынцыпах а “паводле сумлення”. Такое вось раздваенне. То назваліся б неяк так як “Единая Россия” у іх даўніх сяброў і партнёраў – скажам “Allgemeine Deutschland” і не дурылі б голаў людзям. Але ж не – заданне сучаснага палітыка якраз не ўкараненне сваіх праграмных прынцыпаў і дэкларацый у жыццё, а ашуканства выбарцаў. Таму і з’яўляюцца на авансцэне такія стракатыя маскі і разнастайныя абліччы адных і тых жа асобаў. “Што нам жыццё? – Гульня!” – як сказаў літаратурны класік. Толькі выглядае гэта ўсё часцей як у танным тэатры. І таму хочацца услед ужо за тэатральным класікам зрэагаваць натуральным – “Не веру!”.

Уладзімір Хільмановіч

23.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты