Навіны

Пра наша і ваша “Наша слова”

У студзені ўжо 2018 года атрымаў першыя нумары газеты ТБМ “Наша слова”. На першай старонцы “Нашага слова” (№ 2) прачытаў інфармацыю пра тое, як адбывалася падпіска на газету “Наша слова” на гэты год. Калі глянуў статыстыку, ледзьве не аслупянеў: у параўнанні з мінулым годам яна зменшылася больш чым на 300 асобнікаў. І сёння падпіска на самую галоўную, шчырую, родную, блізкую газету ТБМ “Наша слова” складае ўсяго 653 асобнікі на ўсю Рэспубліку Беларусь. Выходзіць, што шчырых беларусаў у Беларусі засталося ўсяго 653 чалавекі. Не ўсміхайцеся, але гэта так! Толькі ў Слоніме ў параўнанні з мінулагоднім лістападам павялічылася на 5 падпісчыкаў, а ва ўсіх іншых абласных і раённых цэнтрах падпісчыкаў на “Наша слова” значна стала менш. Я пагадзіўся б на тое, што ў наш час цяжка жыць, кошты на ўсё растуць, таму на газету немагчыма падпісацца, бо яна дорага каштуе. Але падпіска на “Наша слова” самая танная не толькі ў Беларусі, але ва ўсім свеце: падпіска яе амаль бясплатная – 1 рубель, 62 капейкі на месяц. Гэта вам не “Советская Белоруссия”, якую застаўляюць сілай выпісваць, гэта наша родная, танная, светлая газета, якую павінен выпісваць кожны беларус, каб падтрымаць выданне, каб падтрымаць наша матчына слова. Дык у чым справа, спадарства?..

Я дзіву даюся, што “Наша слова” зусім не выпісваюць і не чытаюць у Дрыбінскім, Кіраўскім, Бялыніцкім, Глускім, Клімавіцкім, Крычаўскім, Хоцімскім, Чавускім, Хойніцкім, Брагінскім, Лельчыцкім, Старадарожскім, Клецкім, Шумілінскім, Дубровенскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Жабінкаўскім, Белаазёрскім, Столінскім і іншых раёнах. Па адным-два асобнікі газеты выпісваюць амаль ва ўсіх райцэнтрах Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Выходзіць, што там зусім не засталося беларусаў, мусіць, яны паўміралі ад радыяцыі, засталіся толькі чужынцы і іншая навалач, для якой “Наша слова” і беларуская мова да лямпачкі. У самым Магілёве, дзе пражываюць каля 400 тысяч чалавек, на газету “Наша слова” падпісаліся ўсяго 21 чалавек. У Слоніме (каля 50 тысяч насельніцтва) – 11 падпісчыкаў, а ў Магілёве – 21. Няўжо ў Магілёве няма настаўнікаў роднай мовы, няўжо закрылі ўсе навучальныя ўстановы горада, школы, садкі? Дзе вы настаўнікі і студэнты, дзе вы, беларусы? У Гомелі больш за 500 тысяч насельніцтва, а падпісчыкаў на “Наша слова” таксама 21 асоба. А ў Бабруйску (насельніцтва каля 220 тысяч чалавек) усяго 2 падпісчыкі… Гэта жах!...  

Нават калі па адным асобніку “Нашага слова” выпішуць усе сябры двух Саюзаў пісьменнікаў, то наклад газеты будзе ў два разы большы чым ёсць. Але ж і пісьменнікі не выпісваюць, журналісты не выпісваюць, грамадскім актывістам няма часу забегчы на паштовыя аддзяленні, а пра палітыкаў і размовы быць не можа, ім трэба на сподачку прыпаднесці і то ў іх можа грошай у кішэні не быць такіх “вялікіх”, як 1 рубель і 62 капейкі. Во дажыліся!.. А мы хочам, каб Беларусь была еўрапейскай дзяржавай са сваёй мовай і культурай, каб па-беларуску было тэлебачанне, радыё, папяровая прэса, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы і г.д. Дык дзе ж яно будзе, калі нават тыя, хто “змагаецца” за родную мову, не выпісвае і не чытае “Наша слова”?..

Сяргей Чыгрын

24.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты