Навіны

80 гадоў з дня смерці Тамаша Грыба

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Тамаш Грыб нарадзіўся 19 сакавіка 1895 году ў вёсцы Паляны Свянцянскага павету (цяпер у Смаргонскім раёне). Вучыўся ў Пецярбургу на псіханеўралагічным факультэце, дзе пазнаёміўся з некалькімі беларускімі дзеячамі і ўлучыўся ў нацыянальны рух. У першую сусветную вайну быў мабілізаваны ў расійскую армію і адпраўлены на Румынскі фронт. Быў дэлегатам ад вайсковай арганізацыі на Усебеларускім з’ездзе у Менску ў снежні 1917-га году, дзе яго арыштавалі бальшавікі. Пасля абвяшчэння БНР стаў сябрам яе Рады і Выканаўчага камітэту. Ва ўрадзе Язэпа Варонкі – народны сакратар земляробства. Тамаша Грыба можна лічыць адным з айцоў БНР. Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерасійскага з’езду саветаў у Петраградзе, на якім пратэставаў супраць разгону Усебеларускага з’езду і падзелу Беларусі. У студзені-сакавіку 1919-га выдаваў у Вільні газету “Грамадзянін” – орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Летам 1919-га Тамаш Грыб быў арыштаваны польскімі ўладамі як супрацоўнік гродзенскай газеты “Родны край”, вясной 1920-га – як сябра Мінскага падпольнага камітэту. На час зняволення ў гарадзенскай турме прыпадае гісторыя рамантычных стасункаў Грыба з Паўлінай Мядзёлкай. Пазней Грыб быў інтэрнаваны ў лагер Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк. З канца 1920-га быў у Коўне, дзе ўдзельнічаў у выданні газеты “Сялянская доля”, друкаваўся пад псеўданімамі Т. Глеба, Антон Небарака. З восені 1922-га жыў у Празе. Там у 1928-ым скончыў філасофскі факультэт Карлава універсітэта. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Пытанне народу і нацыі”. Быў сябрам замежнага бюро БПС-Р, браў актыўны ўдзел у працы Беларускага культурнага таварыства імя Францішка Скарыны, Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый.

З 1930-га працаваў у Празе ў Славянскай бібліятэцы. У 1934-38 працаваў загадчыкам Беларускага загранічнага архіву, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Супрацаваў з часопісамі “Перавясла”, “Іскры Скарыны”, “Студэнцкая думка”, “Золак” і іншымі. Аўтар артыкулаў па гісторыі Беларусі, такіх як “Да пытання аб паходжанні герба Пагоня”, “Віленскае пытанне”, уздымаў філасофскія пытанні ў такіх артыкулах як “Шляхам Скарыны”, “На два франты”, “Нацыя як прадмет навуковага вывучэння”, “На шляху да вызвалення”, “Рэлігійная справа Беларусі”. Маючы сацыялістычныя погляды, стаяў на пазіцыях крытыкі таталітарных падыходаў практыкі пабудовы сацыялізму.

Пры жыцці Тамаш Грыб паспеў апублікаваць урыўкі з свайго раману “Паўстанцы”, перакладаў на беларускую і чэшскую мовы брашуры грамадска-палітычнага кірунку. Пакінуў пасля сябе эпісталярную спадчыну. Памёр Тамаш Грыб 25 студзеня 1938 году ў веку ўсяго 43 гадоў, пахаваны на знакамітых Альшанскіх могілках у Празе. Жыццю і дзейнасці Грыба быў цалком прысвечаны апошні 8-ы нумар часопіса “Золак”. У сённяшняй Беларусі Тамаш Грыб не ўшанаваны ніяк.

25.01.2018

Відэа

праваабарончыя сайты