Навіны

Мінінфарм: На „Хартыі” размяшчалася забароненая інфармацыя

Міністэрства інфармацыі пацвердзіла блакаванне апазіцыйнага інтэрнэт-сайта charter97.org.

„Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі” прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу charter97.org. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Мінінфарм „чарговым разам звяртае ўвагу ўсіх суб’ектаў інфармацыйнай сферы на неабходнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ забараняецца распаўсюджванне: „інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю (перарэгістрацыю) у выпадках, калі такая рэгістрацыя (перарэгістрацыя) з’яўляецца абавязковай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацый, у адносінах да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, што ўвайшло ў законную сілу, аб іх ліквідацыі”; „звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых дурманных рэчываў, а таксама звестак пра спосабы i метады распрацоўкі, вырабу, выкарыстання i месцы набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”; „інфармацыі, што скіраваная на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненае гэтым законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”.

Сайт „Хартыя-97” быў заблакаваны ўвечары 24 студзеня.

„Блакаваннем незалежнага сайта, у якога найбольшая колькасць наведвальнікаў, нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Дваццаць гадоў з намі змагаліся ўлады шляхам розных рэпрэсій: ад блакаванняў да арыштаў і забойстваў журналістаў. Мы будзем абараняцца, у тым ліку на міжнародным узроўні”, — заявіла БелаПАН рэдактарка сайта Наталля Радзіна. Паводле яе слоў, у даменную зону .by „Хартыя-97” пераходзіць не будзе.

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/mininfarm-na-khartyi-razmyashchalasya-za/

25.01.2018

Відэа

праваабарончыя сайты