Навіны

Прэзентацыя кнігі пра міжваенную Беларусь «Мяжа была пад Мінскам 1921 — 1941 гг.»

Сябры!

Спяшаемся паінфармаваць вас, што ў нядзелю, 28 студзеня, адбудзецца прэзентацыя кнігі-альбома выдатнага даследчыка міжваеннай Беларусі Ігара Мельнікава - «Мяжа была пад Мінскам 1921 — 1941 гг.»

 

Кніга змяшчае сотні малавядомых і раней нідзе не публікаваных фотаздымкаў і іншых графічных матэрыялаў. Большасць з іх паходзяць з прыватнага архіва аўтара. Акрамя гэтага, асаблівую цікавасць уяўляюць фотаздымкі былой савецка-польскай мяжы, атрыманыя аўтарам з Нацыянальнага архіва Нідэрландаў у Гаазе (здымкі галандскага фатографа Віллема ван дэ Пола), фота былой савецка-польскай мяжы з польскага Музея гісторыі фатаграфіі імя Валера Жэвуцкага ў Кракаве, здымкі з беларускага Музея абароны Берасцейскай крэпасці і прыватнага архіва спадара Пэтара Кёнэке.

 

Падчас працы над кнігай Ігар Мельнікаў правёў шмат экспедыцый у розныя ўчасткі даваеннай мяжы. Дзякуючы гэтым выездам былі вывучаныя месцы, дзе знаходзіліся савецкія памежныя заставы, стражніцы польскага Корпуса аховы памежжа, агнявыя кропкі Мінскага ўмацаванага раёна. 

Зробленыя падчас экспедыцый здымкі і назапашаны факталагічны матэрыял таксама ўвайшлі ў гэты альбом.  Кніга складаецца з чатырох главаў. Дэталёва расказваецца пра гісторыю функцыянавання польскай памежнай аховы на мяжы з БССР у раёне Мінск-Заслаўе. 

Акрамя гісторыі памежных пунктаў і стражніц чытачы кнігі даведаюцца шмат цікавага пра тое, чым быў польскі Корпус аховы памежжа (КАП), хто ў ім служыў, як выглядаў звычайны дзень польскага памежніка на мяжы з «краінай Саветаў». 

Вялікая ўвага нададзеная гісторыі барацьбы з кантрабандыстамі, а таксама працы польскай памежнай выведкі.

 

Запрашаем на прэзентацыю 28 студзеня, а 12.00 у Цэнтр гарадскога жыцця, Гродна, вул. Савецкая 3-5

27.01.2018

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты