Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Самойлы

Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф Уладзімір Самойла нарадзіўся ў Менску 29 студзеня 1878 года. З сям’і настаўніка Івана Самойлы, які працаваў дырэктарам Мінскай рэальнай вучэльні, быў кіраўніком Таварыства прыгожых мастацтваў у Мінску. Пасля заканчэння гімназіі Уладзімір Самойла вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, пазней скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916).

   Удзельнічаў у беларускім літаратурна-грамадскім руху ў Менску, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства “Мінчук” (1906). З 1908 года супрацаваў у менскіх і віленскіх перыядычных выданнях (“Минский курьер”, “Наша ніва”). Пісаў пра асвету народных мас, неабходнасць беларускай школы. Адзін з першых высока ацаніў літаратурную творчасць Янкі Купалы. Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расейскіх і замежных пісьменнікаў. У пачатку 1910-ых гадоў ад літаратурна-публіцыстычнай дзейнасці адышоў. Узначальваў хімічную лабараторыю ў Менску, быў членам гарадской думы.

   З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі, супрацаваў у прэсе (“Виленская речь”, “Виленские новости” і інш.). Выступіў з серыяй публіцыстычных артыкулаў пра становішча на Віленшчыне, у якіх паказваў імперыялістычны характар палітыкі Польшчы; займаўся літаратуразнаўчай працай. У 1923-1927 адзін з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызвольнага кірунку. У філасофскіх эсэ, нарысах сцвярджаў гістарычную заканамернасць нацыянальна-вызвольнага руху працоўных у Заходняй Беларусі. Пасля разгрому БСРГ ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці адыйшоў. У 1928-1929 гадах выступіў у друку з рэцэнзіямі на выданні Інбелкульта і Беларускай Акадэміі Навук. У газетах «Kurier Wileński» i «Przegląd Wileński» апублікаваў артыкулы пра абрады, звычаі, нацыянальную ідэалогію беларусаў, нацыянальна-вызвольны рух.

   На пачатку 1930-ых гадоў працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Асноўныя публікацыі гэтага перыяду (пераважна ў часопісе “Калоссе”) датычылі культуралагічнай тэматыккі, помнікаў старажытнай літаратуры, пытанняў гісторыі мастацтва, музыкі. Разглядаў творчасць асобных дзеячаў рускай і сусветнай культуры ў кантэксце з задачамі культурнага развіцця Беларусі.

   Арыштаваны НКВД у кастрычніку 1939 года ў ліку іншых беларускіх дзеячаў. Паводле даследчыцы Аляксандры Бергман сядзеў у турмах Лукішкі ў Вільні, Беластоку, Вялейцы. Пазней імаверна этапаваны ў Менск. Відаць, расстраляны войскамі НКВД у чэрвені 1941 года на пачатку вайны. Месца расстрэлу і пахавання невядомыя.

 

 

29.01.2018

праваабарончыя сайты