Навіны

«Дайсці да кожнага і забяспечыць працай»

Як тлумачаць чыноўнікі, менавіта так павінен працаваць новы Дэкрэт №1, які прыйшоў на замену «дэкрэту аб дармаедах». Яго падпісаў Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні, і скіраваны ён на садзейнічанне занятасці насельніцтва.

Чыноўнікі кажуць, што кожны ахвотны працу ў Беларусі можа знайсці. Улады заўсёды аперуюць агульнымі лічбамі: колькі зарэгістраваных беспрацоўных і колькі свабодных працоўных месцаў. Тлумачыць эканаміст і прадпрымальнік, намеснік старшыні АГП Леў Марголін:

– Але колькасць беспрацоўных не мае нічога агульнага з тым, хто зарэгістраваны. І тое ж пра колькасць працоўных месцаў, як яны размяркоўваюцца па спецыяльнасцях. Бо зразумела, што чалавек з вышэйшай адукацыяй, інжынер ці настаўнік, напрыклад, не пойдзе працаваць дворнікам, вуліцы месці. Таму гэта не мае нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй. У рэальнай сітуацыі знайсці працу з добрым заробкам і па спецыяльнасці практычна немагчыма.

«У рэгіёнах сітуацыя з працай яшчэ горшая,» – удакладняе Леў Марголін. А цяпер рэалізацыя Дэкрэта №1 кладзецца менавіта на органы мясцовай улады, якія павінны дайсці да кожнага беспрацоўнага. Казаў, прадстаўляючы дэкрэт, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч:

– Прадугледжана стварэнне і вядзенне рэспубліканскай базы дадзеных працаздольных грамадзян у працаздольным узросце, якія не занятыя ў эканоміцы. Пасля апрацоўкі гэтых спісаў у індывідуальным парадку да кожнага чалавека мясцовыя органы ўлады праз камісію павінны дайсці і прапанаваць варыянты працаўладкавання, перавучэння ці ўдзелу ў нейкіх часовых працах. Не павінна застацца ніводнага чалавека, пра якога мясцовыя органы ўлады не будуць ведаць.

Паводле Дэкрэта №1, з 1 студзеня 2019 года беспрацоўныя працаздольныя беларусы заплацяць поўную цану за датаваныя дзяржавай паслугі, пералік якіх улады абяцаюць яшчэ ўдакладніць да красавіка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/dajstsi-da-kozhnaga-i-zabyaspechyts-prats/

31.01.2018

праваабарончыя сайты