Навіны

Да Дня беларускага пісьменства ў слонімцаў шмат просьбаў

У 2019 годзе ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае нацыянальнае беларускае свята – Дзень беларускага пісьменства. Яно пройдзе ў першую нядзелю верасня. Свята гэта праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нацыянальнай культуры і друкавага слова, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў.

Слонімцы ўжо даведаліся пра тое, што ў іх горадзе над Шчарай свята збярэ ўсю Беларусь і на гэта будзе выдаткаваныя фінансы з рэспубліканскага бюджэту. Таму сёння жыхары Слоніма патрабуюць, каб да свята беларускага пісьменства былі: адрэстаўравана сінагога 1642 года ў цэнтры горада, упарадкаваны канал Агінскага, адкрыты помнік Льву Сапегу, а таксама помнікі знакамітым пісьменнікам-слонімцам. Дарэчы, у Слоніме на сённяшні дзень няма ніводнага помніка, бюста, мемарыяльнай шыльды пісьменнікам-землякам. А Слонімшчына вельмі багатая на літаратурныя таленты —  Гальяш Леўчык, Кандрат Лейка, Сяргей Дарожны, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Мікола Арочка, Уладзімір Сакалоўскі, Васіль Супрун, Янка Саламевіч і многія іншыя вядомыя асобы, якія ўсё жыццё працавалі на ніве літаратурнай Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ў Слоніме адбудзецца Дзень беларускага пісьменства, слонімцы патрабуюць, каб у іх горадзе да гэтага мерапрыемства былі: адрамантаваны вуліцы горада, пабудавана дзіцячая паліклініка, праведзены рамонт у раённай паліклініцы, пабудаваны водны палац, адкрыта дзіцячая кавярня і дзясяткі іншых просьбаў.

Дарэчы, сёлета Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў горадзе Іванаве Берасцейскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім   

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/da-dnya-belaruskaga-pismenstva-u-slon/

01.02.2018

Відэа

праваабарончыя сайты