Навіны

180 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага

2 лютага спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.

Нацыянальна-вызвольны дзеяч, ідэолаг беларускага руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 годзе ў Мастаўлянах (сёння Гарадоцкая гміна, Падляшскае ваяводства).

Помнік у Мастаўлянах

Шляхецкі род Каліноўскіх вядомы з канца XV стагоддзя. Продкі Кастуся Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава ў Браньскай зямлі, але ў 2-й палове XVIII ст. маёнтак быў прададзены. Бацька Кастуся –  беззямельны гарадзенскі шляхціц, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сымон Каліноўскі. Маці, Вераніка (Рыбінская), памерла, калі Кастусю было толькі 5 гадоў. Ахрышчаны 18 лютага ў Ялоўскім парафіяльным касцёле пад імем Вінцэнт. У 1849 годзе сям’я пераехала ў фальварак Якушоўка.

Падмуркі былога сядзібнага дому, раскапаныя ў 1987 годзе археалагічнай экспедыцыяй Міхася Ткачова, закансерваваныя ў канцы 1980-ых

У 1847-52 гадах навучаўся ў Свіслацкай павятовай вучэльні, пасля некалькі гадоў пражыў у Якушоўцы, дапамагаў па гаспадарцы, адукоўваўся.

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў цэнтры Свіслачы

Вялікі ўплыў на Кастуся меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім універсітэце і даследаваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, які скончыў праз чатыры гады кандыдатам права. Браў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, групы студэнцкага зямляцтва “Агул”, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Атрымаўшы ў 1861 годзе ўніверсітэцкі дыплом, спрабаваў уладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю генерал-губернатара Назімава, каб адразу рыхтаваць паўстанне. На гэты час прыпадае яго знаёмства з будучаю нарачонай Марыяй Ямант. Уладкавацца спрыяў Людвік Звяждоўскі, аднак спробы сталіся марнымі і ў пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну, пачаўшы стварэнне падпольнай арганізацыі.

Улетку 1862 года разам з паплечнікамі па Гарадзенскай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валеры Ўрублеўскім пачаў выпуск “Мужыцкай праўды” – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў нелегальнай газеты. Яна выкрывала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, заклікала сялян да змагання. У ёй Каліноўскі сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы. Кожны нумар “Мужыцкай праўды” падпісваўся псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Асабіста развозіў газету па вёсках, раскідваў яе па дарогах.

Памятны камень з шыльдай у Якушоўцы, усталяваны ў савецкі час

У 1862 г. ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту – цэнтральнага органу рыхтоўлі паўстання ў Літве-Беларусі. Увосень таго ж года стаў яго старшынём. Стаяў на чале найбольш паслядоўных паўстанцаў, якіх адрозна ад лібералаў (“белых”) звалі “чырвонымі”. Гэты кірунак вызвольнага руху выступаў за самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. Старшынстваваў у паўстанцкім камітэце нядоўга. Пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на Гарадзеншчыну паўстанцкім камісарам ваяводства. Дзякуючы яго актыўнай працы, менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную арганізацыю, прыцягнулі да змагання шмат сялян.У чэрвені 1863 года з-за масавых арыштаў мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзеіў пад прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціўс на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы. Тут зноў узяў цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. З восені 1863-га Каліноўскі рыхтаваў новы выступ увесну. Але, выдадзены здраднікам Вітаўтам Парфяновічам, у ноч на 20 студзеня 1864 г. схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах, дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

Святаянскія муры ў Вільні

У час следства і суду трымаўся надзвычай мужна, нікога не выдаў. Расейскім ваенна-палявым судом прыгавораны да расстрэлу. Аднак генерал Мураўёў настаяў на павешанні. Каліноўскага публічна павесілі на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні.

Памятны знак на Лукішскім пляцы, дзе Каліноўскага пакаралі смерцю Магіла была паблізу сённяшняй вежы Гедыміна, у выніку раскопак апошніх гадоў з’явіўся шанец ідэнтыфікацыі парэшткаў. Помнікі Каліноўскаму ўсталяваныя ў Мастаўлянах, Сьвіслачы, Салечніках. Памятныя шыльды ёсць у Свіслачы, Вільні, Менску. У Якушоўцы некалькі памятных знакаў. Прачытаць падрабязней пра месцы ўшанавання Кастуся Каліноўскага можна па паданай спасылцы. У Гарадку (Беласточчына) функцыянуе гмінны цэнтр культуры імя Каліноўскага. Яго імем названы вуліцы ў Гародні, Менску і Беластоку.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/180-gadou-z-dnya-naradzhennya-kastusya-kalin/

02.02.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты