Навіны

Міклаш Харасці: Пільны міжнародны кантроль за сітуацыяй у Беларусі павінен захоўвацца

Спецдакладчык ААН па Беларусі паведаміў, што яго апошні на гэтай пасадзе даклад у Савет па правах чалавека будзе прысвечаны неабходнасці падаўжэння краінавага мандату. Сваё меркаванне спадар Харасці выказаў падчас кансультацыйнай сустрэчы з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі, якая праходзіла ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні 31 студзеня.  

Паўнамоцтвы Міклаша Харасці на пасадзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі завяршаюцца напрыканцы кастрычніка бягучага года. Да гэтага часу ён падрыхтуе свой апошні даклад і прадставіць яго на чэрвеньскай сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе, а затым на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Спецдакладчык распавёў сайту ПЦ "Вясна", што ў дакладзе будзе прадстаўлена не толькі бягучая сітуацыя па стане на сакавік 2018 года [гэта тэрмін падрыхтоўкі справаздачы – рэд.], але і агляд усяго шасцігадовага перыяду дзеяння мандату з доказамі цыклічнасці праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.        

haraszti-31-01-2018a.jpg
Міклаш Харасці падчас сустрэчы з праваабаронцамі ў БДПЧ у Вільні 31 студзеня 2018 г.

 

“2017-ы год быў годам вялікага рэгрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Але гэта не стала сюрпрызам, таму што тыя, хто сачыў за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі цягам усяго перыяду прэзідэнцтва Лукашэнкі, заўважаў, што яна мае цыклічны характар, што праз чатыры - пяць гадоў яна зноў становіцца трагічнай, з масавымі аўтарытарнымі рэпрэсіямі. Аўтарытарнымі - у сэнсе незаконнасці, пазазаконнасці, невытлумачальнасці і беспадстаўнасці, але і ў тым сэнсе, што гэтыя захады робяцца самімі ўладамі, такімі як міліцыя і іншыя. Затым наступае перыяд надзеяў, які, на жаль, так і не прыносіць прававых паляпшэнняў у сістэмным сэнсе. Проста ўсё становіцца не так дрэнна, як было раней”.

Спадар Харасці кажа, што такі цыкл ён якраз назіраў падчас свайго мандату:

“Мой мандат быў выкліканы гвалтам у снежні 2010 года, масавымі затрыманнямі, з’яўленнем палітычных зняволеных, і ўсё гэта скончылася ў пэўным сэнсе тым самым у лютым і сакавіку 2017-га. Тымі ж рэчамі: масавым гвалтам міліцыі супраць мірных дэманстрантаў, з’яўленнем новых палітычных зняволеных. І тады зноў з’явіліся чаканні, што, магчыма, яны могуць быць вызваленыя і сітуацыя зменіцца. Такім чынам, мой мандат мае зараз двайную перспектыву. З аднаго боку, гэта перыядычны, доўгатэрміновы рэгрэс, а таксама нязменнае прававое сістэмнае вымярэнне. З іншага боку, гэта фактычная колькасць людзей, якія павінны быць выратаваныя ад помсты ўладаў”.

Пералік парушэнняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі доўгія гады застаецца нязменным, падкрэслівае спецдакладчык.

“Доўгатэрміновыя патрабаванні грамадства і звычайнай прыстойнасці застаюцца нязменнымі: прызнаць непрызнаныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку Праваабарончы цэнтр “Вясна”, спыніць дазвольную сістэму палітычнага жыцця ў Беларусі, якая на працягу многіх пакаленняў калечыць перспектывы жыцця. Шматлікія пакаленні людзей у краіне выраслі без свабодаў, якія з’яўляюцца неад’емнымі для еўрапейскай ідэнтычнасці: свабода слова, свабода асацыяцый, свабода ад смяротнага пакарання, свабода медыя, плюралізм сродкаў масавай інфармацыі і многія іншыя правы, таму што пералік парушэнняў не спыняецца на правах чалавека першага пакалення, індывідуальных і палітычных правах. Ён распаўсюджваецца на працоўныя правы, гендарныя правы, свабоду ад катаванняў у турме.

І ў маім папярэднім дакладзе я быў вымушаны адзначыць відавочнае: прычына, чаму гэта адбываецца, — у цалкам цэнтралізаванай вертыкалі ўлады ў Беларусі, поўнай адсутнасці падзелу паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады - судовай, заканадаўчай і выканаўчай, у поўнай адсутнасці размеркавання роляў паміж уладай, грамадзянскай супольнасцю і сродкамі масавай інфармацыі. У сапраўды еўрапейскай сістэме яны былі б падзеленыя, сыходзіліся б часам у дыскусіі, у сутыкненні, часам у супрацоўніцтве - але ўсё гэта гарантавала б, што людзі могуць захоўваць свае свабоды. Менавіта гэтага і не хапае ў Беларусі. І цяжка сабе ўявіць, каб значнае, па сутнасці, паляпшэнне адбылося без змянення гэтых структураў улады, якія відавочна супярэчаць дэмакратычным нормам”.

haraszti-31-01-2018b.jpg
Прадстаўнік УВКПЧ ААН Аляксандр Жырар і спецдакладчык Міклаш Харасці

 

Завяршэнне тэрміну знаходжання спадара Харасці на пасадзе спецдакладчыка акцэнтуе ўвагу на пытанні неабходнасці далейшага падаўжэння самога мандату. Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН Аляксандр Жырар падчас сустрэчы з праваабаронцамі нагадаў пра міжнародную тэндэнцыю: усё больш краінаў, трапляючы пад уплыў Расіі і Кітая, пагаджаюцца, што сярод маніторынгавых механізмаў ААН няма месца краінавым мандатам, трэба выкарыстоўваць мандаты тэматычныя. Варта нагадаць, што летась пры галасаванні ў Савеце па правах чалавека ў Жэневе адносна падаўжэння мандату спецдакладчыка па Беларусі галасы размеркаваліся наступным чынам: “за” – 18 краінаў, “супраць” – 8, “устрымаліся” – 21.  

Міклаш Харасці лічыць, што прычынаў для непадаўжэння мандату сёлета няма.

“Я адназначна прытрымліваюся думкі, што мандат павінен быў падоўжаны. Гэта вельмі лагічна выцякае з таго, што я сказаў раней. Сітуацыя ў Беларусі не змянілася. Базавая прававая сістэма не змянілася. Па-ранейшаму адсутнічае палітычная воля да зменаў. Той факт, што Беларусь у цяперашні час знаходзіцца ў складанай геапалітычнай сітуацыі, не з'яўляецца прычынай для захавання стабільнасці - як яе разумее Лукашэнка.

Лукашэнка разумее стабільнасць як абсалютную ўладу дзеючага прэзідэнта і адсутнасць свабоды. Але сапраўдная стабільнасць краіны заключаецца ў ажыццяўленні свабоды і веданні людзьмі таго, што яны могуць змяніць уладу мірным шляхам паводле існуючых правілаў. Таму, калі цяперашнія правілы не дазваляюць мірную змену ўлады, то, як паказвае міжнародны досвед, сітуацыя з’яўляецца больш уразлівай да гвалту. Сапраўдная прычына нестабільнасці заключаецца ў тым, што пакаленні за пакаленнямі не могуць карыстацца гэтымі свабодамі. Пільны кантроль за сітуацыяй павінен працягвацца”.

Паколькі Беларусь не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, мандат краінавага спецдакладчыка ААН  з'яўляецца адзіным спосабам ажыццяўлення міжнароднага кантролю за сітуацыяй у краіне, падкрэслівае эксперт.  

“Я настойліва рэкамендую, каб гэты мандат быў працягнуты. І мой апошні даклад Савету па правах чалавека ААН будзе прысвечаны менавіта гэтай тэме”, -падвынікоўвае спадар Харасці.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савет па правах чалавека ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады на пасадзе спецдакладчыка Міклаш Харасці не меў магчымасці наведаць Беларусь, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Але на пачатку ліпеня 2017 года Харасці прыехаў у Мінск па запрашэнні АБСЕ да ўдзелу ў мерапрыемствах 26-й сесіі ПА АБСЕ і таксама стаў госцем Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці. Тады ён выказаў спадзяванне, што візіт у Беларусь стане першым крокам на шляху да афіцыйнага прызнання мандата краінавага спецдакладчыка ААН, аднак МЗС Беларусі заявіў, што пазіцыя афіцыйнага Мінска не зменіцца.

 

03.02.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты