Навіны

210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

4 лютага спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры – пісьменніка, жыццёвы лёс якога лёг кутнім каменем у фармаванне нацыянальнай свядомасці насельнікаў Беларусі. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы на Бабруйшчыне ў сям’і дробнага шляхціца. Першую адукацыю атрымаў у Бабруйскай павятовай школе, потым скончыў медыцынскі факультэт ні то Віленскага, ні то Пецярбургскага ўніверсітэту. Пазней служыў у Мінску дробным чыноўнікам. У 1840-ым годзе пакінуў службу і набыў сабе фальварак Люцінка каля Івянца. Менавіта тут і разгарнулася ўся культурніцкая і асветніцкая дзейнасць.

У час падзей 1863-64 гадоў Дунін-Іарцінкевіч арыштоўваўся і абвінавачваўся ў распаўсюдзе “шкодных ідэй”, аднак даказаць яго ўдзел у паўстанні не змаглі і асветнік быў выпушчаны пад нагляд паліцыі. Вядома, што ў паўстанні ўдзельнічала яго дачка Каміла.

Пісаў Навум Прыгаворка (адзін з псеўданімаў Марцінкевіча) па-польску і па-беларуску. Творчасць пачыналася з стварэння оперных лібрэта. У 1846-ым годзе была надрукаваны яго драматычны твор “Сялянка” ( ці па-іншаму “Ідылія”), які быў надрукаваны ў Вільні, а пастаўлены на мінскай сцэне. Пазней у 1850-ыя гады былі напісаны іншыя паэтычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні –  “Вечарніцы” і “Гапон” (1855), “Купала” (1856), “Шчароўскія дажынкі” (1857), “Травіца брат-сястрыца” і “Быліцы, расказы Навума” (напісана ў 1857 годзе). Сярод творчых дасягненняў Марцінкевіча і першы пераклад “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча на беларускую мову. Але галоўнай заслугай Дуніна-Марцінкевіча было стварэнне ў Люцінцы тэатральнай трупы – па-сутнасці першага беларускага тэатра. Акрамя ўласна фальварку пастаноўкі ставіліся на сцэнах Мінску, Бабруйску. Найбольш значныя свае творы Марцінкевіч напісаў у 1860-70-ыя гады – гэта камедыі “Пінская шляхта” і “Залёты”. Прадметам творчасці Дуніна-Марцінкевіча стала народнае жыццё, характар насельнікаў беларускай зямлі, які ён раскрывае з уласцівым яму гумарам і іроніяй. Значная частка твораў Дуніна, у тым ліку камедыі, ня ўбачылі свету пры жыцці аўтара.

Роля Дуніна-Марцінкевіча ў развіцці нацыянальнай беларускай літаратуры вельмі значная. Ён адным х першых падышоў да яе афармлення ў самастойную літаратуру, прычым зрабіў гэта ў вельмі неспрыяльнае дзевятнаццатае стагоддзе. Пачаўшы пісаць па-беларуску, ён сутыкнуўся з лексічнымі цяжкасцямі, але зрабіў важкі крок па ўнармаванні літаратурнай мовы, увёў у шырокі ўжытак лексіку з розных рэгіёнаў.

Памёр Дунін-Марцінкевіч у 1884 годзе, пахаваны ў Тупальшчыне (вёска Падневічы, недалёка ад Люцінкі, цяпер Валожынскі раён). Імя асветніка носіць вуліца ў Мінску. У 2008 годзе Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэнне памятныя манеты “В. Дунін-Марцінкевіч. 200 год”. Іншых паўнавартасных помнікаў няма.

03.02.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты