Навіны

Беларускі і ўкраінскі гісторык – “нацыяналіст” - 120 гадоў з дня нараджэння Льва Акіншэвіча

Нарадзіўся Леў Акіншэвіч – адзін з найзначнейшых даследчыкаў украінскага права, аўтар нізкі публікацый па беларусістыцы – 6 лютага 1898 г. у Санкт-Пецярбургу ў сям’і юрысконсульта. Бацька Льва быў этнічным беларусам і паходзіў з сям’і святара Гомельскага павета. Маці Акіншэвіча хварэла на сухоты, з-за таго сям’я пераехала ў Кіеў. У 1912 годзе Леў стаў стыпендыятам элітнай украінскай сярэдняй навучальнай установы – Калегіі Паўла Галагана. У 1916 г. паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У студзені 1917 г. паступае ў Кіеўскую школу прапаршчыкаў, пасля заканчэння апынуўся на румынскім фронце.

У 1918 г. вярнуўся ў Кіеў, аднавіў навучанне ва ўніверсітэце і знаёміцца з беларускім рухам у Кіеве, прымае грамадзянства БНР. У 1920-ыя на яго ўжо заведзенае дасье. У ім запісы пра частыя паездкі ў Менск, публікацыі ў «Полымі» і пра знаёмствы з Янкам Купалам і Вацлавам Ластоўскім.

У 1919–1920 гадах Акіншэвіч працаваў сакратаром юрыдычнага аддзела Кіеўскага Саўнаргаса. З 1921 года навуковы супрацоўнік Украінскай АН, спецыялізаваўся ў галіне беларускага, украінскага і польскага права, даследаваў гісторыю казацтва на Беларусі. З 1923 года – сакратар Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права, а ў 1925 годзе па запрашэнні Міхайлы Грушэўскага паступіў у аспірантуру пры Навукова-даследчай кафедры гісторыі Украіны.

Ва ўспамінах Леў піша: «Я не забываў пра краіну свайго бацькі і адчуваў абавязак дапамагчы яе нацыянальнаму адраджэнню. Я сістэматычна працаваў над вывучэннем беларускай мовы і ўдасканаленнем свайго ведання яе».

Супрацаваў з Інбелкультам (пазней – БелАН), выступаў у беларускім друку з аглядамі ўкраінскіх выданняў, апублікаваў шэраг артыкулаў пра казацтва на Беларусі. У часопісах «Украіна», «Червоній шлях» друкаваў рэцэнзіі на працы беларускіх навукоўцаў. Свае даследаванні з гісторыі права на Беларусі і Украіне надрукаваў у «Працах Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права. У 1928 годзе абараніў дысертацыю «Генеральная рада на Гетманшчыне», выдадзеную манаграфіяй. Быў асабіста знаёмы з беларускімі навукоўцамі Уладзімірам Пічэтам, Язэпам Лёсікам, Сцяпанам Некрашэвічам, Вацлавам Ластоўскім, Дзмітрам Даўгялам, Васілём Друшчыцам, Тодарам Забелам, пісьменнікамі Якубам Коласам, Янкам Купалам, Цішкам Гартным.

У 1932 за адмову стаць сакрэтным супрацоўнікам НКУС звольнены з работы. Пераехаў у Нежын і ўладкаваўся прафесарам Нежынскага педагагічнага інстытута. На пачатку 1934 года абвінавачаны ў «беларускім і ўкраінскім нацыяналізме» і зноў пазбаўлены работы. Уладкаваўся юрыстам на Балхашскім прамкамбінаце ў Казахстане.

Праз тры гады пераехаў з сям’ёю ў Смаленск. Там Льва Акіншэвіча заспела 2-я сусветная вайна. Мабілізаваны на фронт, трапіў у палон. Выбавіўшыся з палону, выкладаў у Кіеўскім універсітэце, пераехаў у Львоў. Пазней ва Украінскім вольным універсітэце ў Празе, затым у Мюнхене чытаў гісторыю ўкраінскага права і напісаў некалькі падручнікаў.

З 1949 года ў ЗША. Перабіваўся выпадковымі заробкамі, быў чорнарабочым. З 1951 да 1954 выкладаў у Калумбійскім універсітэце, працаваў у Даследчым цэнтры па вывучэнні СССР (Research Project on the USSR) у Вашынгтане, пасля ў бібліятэцы Кангрэса ЗША (1954–69). Супрацаваў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, Украінскім навуковым таварыствам імя Тараса Шаўчэнкі. Публікаваўся ў беларускіх і ўкраінскіх эмігранцкіх навуковых і перыядычных выданнях. Член Украінскай Вольнай Акадэміі навук, Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ) ў ЗША. Аўтар успамінаў (на ўкраінскай мове) «Пракляты стэп».

У 1951-1954 гадах быў стыпендыятам Фонду Форда па даследчыцкай праграме вывучэння СССР пры Калумбійскім універсітэце, пасля завяршэння праекту працаваў у Бібліятэцы Кангрэсу ў Вашынгтане, а ў 1969 годзе выйшаў на пенсію.

Апошнія дзесяць гадоў жыцця Акіншэвіч пакутаваў на паркінсанізм. Памёр 7 лістапада 1980 г. у Гілкрэст-Гілс, штат Мерыленд.

Нягледзячы на складаны жыццёвы шлях, шматлікія перашкоды ў паўнавартаснай навуковай працы, спадчыну Льва Акіншэвіча складаюць больш за 120 публікацый.

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

05.02.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты