Навіны

“Касцы” і “зайцы”

Натрапіў я днямі ў тэлевізары на перадачу гарадзенскага тэлебачання. Сюжэт быў прысвечаны тэме безбілетнага праезду на гарадскім транспарце. Сярод іншых выступіў начальнік ні то аўтобуснага, ні то тралейбуснага упраўлення. Больш усяго ён шчыра абураўся – гэткая святая простасць – таму, што нейкія студэнты, ці іншыя маладыя людзі, стварылі адмысловую старонку ў сацсетках і папярэджваюць пра месцы і час кантролю пасажыраў на прыпынках.Праезд у гарадскім транспарце – рэч дастаткова дробная ў маштабах цэлай краіны. Аднак гэта ці не найлепшая ілюстрацыя, яскравая карцінка адносінаў дзяржавы і грамадзянаў.

Раней кіроўцы ў нашым горадзе часта праз гучнік абвяшчалі ў транспарце, што на лініі працуе кантроль. І гэта вельмі правільна, бо асноўная місія гэтага кантролю – прафілактыка правапарушэнняў. Галоўнае і асноўнае прызначэнне такой службы – гэта каб людзі акуратна плацілі за праезд. Таму стварэнне нейкай суполкі ў сацсетках, якая папярэджвае пасажыраў пра імаверны кантроль у канкрэтны дзень і канкрэтным месцы, таксама служыць такой задачы. Людзі прабілі квіткі за праезд – значыць усё законна, грошы пайшлі ў гарадскі бюджэт. Транспартным службам можа самым варта такія суполкі парабіць. Бо штраф за безбілетны праезд – гэта законная і ў прынцыпе правільная рэч, але ўсё ж скрайняя мера. У нашых жа рэаліях – галоўнае для кантрольных службаў – “накасіць” грошай у грамадзян. І пашлі “касцы” шчыраваць, паляваць на “зайцаў”. У Гародні кантралёраў на лінію начальства выгнала нават з раніцы 1 студзеня, якраз пасля сустрэчы Новага года. Гэта ж як трэба не паважаць сваіх работнікаў, каб прымусіць іх працаваць пасля навагодняй ночы. І жыхароў горада таксама – тыя не паспелі яшчэ ачомацца пасля шампанскага і больш моцных напояў, а ім – адразу штрафы на добры пачатак года. Таму што ўлада ўспрымае жыхароў найперш не як суграмадзян, а як “зайцаў”, з якіх можна здзерці апошнюю шкурку.

Тое сама і з іншымі кантрольнымі службамі. Вось пачалі былі актыўна ставіць, як і ў многіх іншых краінах, пры дарожных трасах манекены дарожных аўтаінспектараў. Гэта і ёсць важная прафілактыка і перавышэння хуткасці і адпаведна дарожных здарэнняў. Але дзяржава бачыць кожную кантрольную службу найперш як карную місію. Таму і даводзяцца планы ўчастковым міліцыянтам па колькасці складзеных адміністрацыйных пратаколаў, дарожным аўтаінспектарам – па колькасці аштрафаваных за перавышэнне хуткасці, тое ж сама – розным падатковым службам, санітарна-эпідыміялагічным структурам, ну і канешне нашым любімым кантралёрам на транспарце. Цяпер, каб падвысіць важнасць і статус апошніх, ім нават прапаноўваецца дазволіць караць “зайцаў”, самым вызначаючы суму штрафу. Але кантралёрам быць, напэўна, не проста, іх не любяць, іх абзываюць, з імі сварацца і канфліктуюць пасажыры. Так што гэта людзі асаблівага складу, з пэўным характарам і загартоўкай.

Раскажу тут пры нагодзе яшчэ адну рэальную гісторыю пра доблесную міліцыю. Выпівалі двое хлопцаў на кватэры піва. Маці аднаго з іх вырашыла паклікаць участковага міліцыянта, каб той правёў з маладзёнамі прафілактычную гутарку. У прынцыпе, правільнае заходняе мысленне. Аднак гэтая жанчына наіўна не ўлічыла сённяшніх беларускіх рэалій. Замест участковага прыехаў нарад міліцыі, хлопцаў вывалаклі з кватэры і завезлі ў пастарунак. У выніку – замест прафілактычнай размовы – пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне ў якім чорным па белым напісана, што гэтыя хлопцы нецвярозыя бадзяліся па вуліцы і парушалі грамадскі парадак. “Мая міліцыя мяне беражэ” – вось і выйшла людзям даражэй.

Многія людзі востра апошнім часам адчуваюць, што дзяржава іх не любіць. І адказваюць ёй, як гаворыцца, узаемнасцю. Заўважаю апошнім часам як пасажыры таго ж грамадскага транспарту ўсё часцей, нягледзячы на строгія папярэджанні, агучаныя кіроўцамі, перадаюць квіткі адзін аднаму, пакідаюць іх на сядзеннях аўтобусаў і тралейбусаў. Так што дзяржаўным структурам ёсць пра што задумацца…

Уладзімір Хільмановіч

07.02.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты