Навіны

Ізноў БДУ. Студэнты скардзяцца на прымус да галасавання

Да блогера Антона Матолькі ізноў звярнуліся студэнты Беларусскага дзяржаўнага ўніверсітэту з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю пра новы выпадак ціску з боку рэктарата навучальнай установы.

Студэнты даслалі блогеру скрыншот паведамленняў, якія праз сацыяльную сетку “Вконтакте” рассылаў студэнт другога курса механіка-матэматычнага факультэты Максім Шалюта, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца камандзірам студэнцкай службы бяспекі. 

2018-02-08-14_46_45-5-anton-motolko-moto
Старонка Максіма Шалюты "Вконтакте"

 

Спачатку Шалюта просіць адрасатаў паведамлення ў абавязковым парадку ўступіць у суполку ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Вольгі Цесаковай. Хлопец тлумачыць, што Цесакова раней з’яўлялася старшынёй каардынацыйнага савету БДУ, і дадае, што “адміністрацыя ўніверсітэта сочыць за тым, як студэнты падтрымліваюць кандыдата ад БДУ”. 

2018-02-08-15_24_06-olha-tesakova---oper
Старонка Вольгі Цесаковай "Вконтакте"

 

У наступным паведамленні Шалюта піша, што студэнты ў абавязковым парадку павінны прыйсці на выбары 13 лютага – у першы дзень датэрміновага галасавання.

У сваім лісце да Антона Матолькі студэнты выказалі абурэнне таму, што адбываецца ў іх ВНУ напярэдадні выбараў.

“Нажаль, узровень ціску на нас па меры набліжэння да выбараў вельмі моцна ўзрос. Мы прыйшлі ў гэтую ВНУ, каб вучыцца. Нам надакучыла, што фактычна мы знаходзімся ў яго ў закладніках! Акрамя таго, гэтыя двухсэнсоўныя “оруэлаўскія” намёкі («сочым», «новы прарэктар»), ужо прабачце, задралі, іншага слова проста не падабраць!" – абураюцца студэнты.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” звяртаюць увагу, што выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў працэсе правядзення выбараў забараняецца. А дзеянні Максіма Шалюты, які прымушае студэнтаў удзельнічаць у датэрміновым галасаванні, з’яўляюцца прамым парушэннем выбарчага заканадаўства.

Праваабаронцы нагадваюць, што ўдзел у выбарах – выключнае права выбаршчыка, ніхто не мае права кантраляваць – дзе, калі і як ён будзе галасаваць, а таксама ці будзе ўвогуле ён удзельнічаць у выбарах.

Пра выпадкі парушэнняў назіральнікі заклікаюць паведамляць на скрыню кампаніі elections2018@spring96.org.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

https://elections2018.spring96.org/be/news/89057

09.02.2018

Відэа

праваабарончыя сайты