Навіны

Хваля ператрусаў пракацілася па Магілёве

Ілюстратыўнае фота.

8 лютага супрацоўнікі ГУБАЗ прыйшлі з ператрусам як мінімум у дзве кватэры ў Магілёве, дзе жывуць бацькі актывістаў.

Так, супрацоўнікі 11 упраўлення ГУБАЗіКу прыйшлі да бацькоў актывісткі анархісцкага руха Юліі, якая зараз навучаецца ў Мінску. Спрабавалі распытваць пра дзяўчыну і яе "дзейнасць", пагражалі бацькам праблемамі на працы, казалі, што прыйдуць да іншых сваякаў. Свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі абгрунтавалі пастановай пракурора, у якой было напісана пра магчымую датычнасць Юліі да псавання помніка Леніну, якое адбылося 22 красавіка 2017 года. Аднак, пры ператрусе нічога забрана не было.

Раніцай 9 лютага Юліі ўжо тэлефанавалі са Следчага камітэта з ананімнага нумара і запрашалі на размову ў сувязі з гэтай справай, а таксама яе выклікалі да адміністрацыі навучальнай установы.

Дзяўчына ж вобшук звязвае з ранейшым затрыманнем, якое адбылося месяц таму ў Мінску. Тады на яе склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП – “дробнае хуліганства” і да суда Юлія ўсе выходныя знаходзілася ў Центры ізаляцыі правапарушальнікаў, куды да яе на размовы прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗу, які пагражаў ёй праблемамі і ўсяляк ціснуў.

Суд справу разглядзеў і адправіў матэрыялы на дапрацоўку. Аднак і пасля гэтага супрацоўнікі завітвалі да адміністрацыі установы, дзе навучаецца дзяўчына, спрабавалі настроіць адміністрацыю супраць яе.

Таксама вядома, што прайшоў вобшук ў маці Цімафея Лускіна: перарылі ўсе кнігі, аднак, што дакладна супрацоўнікі шукалі – невядома. Падставай для вобшуку стала аналагічная прычына – псаванне помніка Леніну. Склалі пратакол вобшуку і сказалі, што ў панядзелак хлопец павінен з’явіцца ў Следчы камітэт на допыт у якасці сведкі па гэтай справе. Сам хлопец кажа, што не мае дачынення да справы, і не прылічвае сябе да анархістаў, але адзначае, што ў яго ёсць знаёмыя сярод сацыяльных актывістаў.

Юрыстка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка падкрэслівае: 

“Мы бачым, што працягваецца тэндэнцыя рабіць кагосьці з актывістаў "крайнімі".

Напрыклад, у Цімафея ў інстаграме быў здымак на фоне помніка Леніна - і гэта сталася прычынай для яго падазрэння. Штораз выклікае сум некампетэнтнасць нашых следчых органаў і скарыстанне фармальнай нагоды для чарговых рэпрэсій”.


Калі да вас ці вашых блізкіх прыходзяць з ператрусам, тэлефануюць і запрашаюць на размовы, прыходзяць па месцы вучобы і працы – звяртайцеся па юрыдычную дапамогу ў Грамадскую прыёмную Праваабарончага цэнтра “Вясна” па тэлефоне: +375298413981, ці праз пошту: pierasled@spring96.org

http://spring96.org/be/news/89070

09.02.2018

праваабарончыя сайты