Навіны

ЦВК ухілілася ад абароны права кандыдата на радыёвыступ

Пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Смаргонскага раённага Савета было праведзена лёсаванне запісу часу запісу выступаў кандыдатаў і выхаду запісаў ў эфір.

Але Гарадзенскай абласной камісіяй 19.01.2018 прынятае рашэнне за нумарам 12, паводле якога запісы выступаў кандыдатаў са Смаргоні пераносяцца у Гародню на 07.02.2018, дзе   запіс зробіць РУП тэлерадыёцэнтр «Тэлерадыёкампанія «Гродно».

Абласная выбарчая камісія патлумачыла свае дзеянні тым, што час эфіру «Смаргонскага радыё» - аўторак, пятніца з 11.40 да 12.00, а гэта не адпавядае патрабаванням пункта 2 пастановы ЦВК № 46 ад 12.12.2017 г., паводле якой запіс мусіць транслявацца а 18.00.

З такім тлумачэннем альтэрнатыўны кандыдат у дэпутаты Алесь Дзергачоў і запатрабаваў правесці запіс выступу у Смаргоні. У адказ камісія прапанавала Алесю Дзергачову за кошт уласнага перадвыбарчага фонду паехаць на запіс у Гародню.

Але ж калі час трансляцыі ў Смаргоні не супадае з часам трансляцыі гарадзенскага тэлерадыёцэнтра, то гэта не перашкаджае зрабіць запіс у Смаргоні, з наступнай перадачай яго ў Гародню для трансляцыі.
На гэтай падставе альтэрнатыўны кандыдат Алесь Дзергачоў звярнуўся у ЦВК з патрабаваннем арганізаваць запіс радыёвыступу ў Смаргоні. Пры гэтым пазначыў, што сродкі перадвыбарчага фонду у яго цалкам вычарпаны, а таму ён не мае магчымасці прыехаць на запіс у абласны цэнтр. І прасіў звярнуць увагу на тое, што пастанова абласной выбарчай камісіі ад 19.01.2018 №12 аб пераносе запісу выступаў у Гародню носіць закрыты характар, не размешчана ў адпаведным раздзеле сайта аблвыканкама, хаця яно тычылася правоў кандыдатаў. Лёсаванне выступаў кандыдатаў праведзена Смаргонскай раённай камісіяй пры рэгістрацыі паводле Выбарчага кодэкса. Пра тое, што час запісу адменены і перанесены у абласны цэнтр, кандыдату паведамлена па тэлефоне. На паседжанне раённай камісіі па адмене часу і месца запісу, а таксама часу выхаду ў эфір ён не запрашаўся.

Але ЦВК аргументы кандыдата цалкам праігнаравала. У адказе ад 09.02.2018 № 01-11/Д-88 паведаміла, што радыёвяшчальны сродак масавай інфармацыі забяспечвае падрыхтоўку перадачы з выступленнямі кандыдатаў у дэпутаты. Гэтым радыёвяшчальным сродкам масавай інфармацыі з’яўляецца РУП Радыётэлецэнтр “Тэлерадыёкампанія “Гродно”, якое запісвае выступленні ўсіх кандыдатаў у дэпутаты Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў толькі на сваёй студыі ў Гародні, і ў яго няма магчымасці забяспечыць запіс у Смаргоні.

Чаму немагчыма запісаць выступ ў Смаргоні, дзе ёсць адпаведныя спецыялісты, у адказе не паведамляецца.

10.02.2018

праваабарончыя сайты