Навіны

Пасеяў зерне нацыянальнай свядомасці. 150 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца

Карусь Каганец успрымаецца сёння як паэт і драматург, аўтар п'есы «Модныя шляхцюк». А ён яшчэ і грамадскі дзеяч, празаік, дзіцячы пісьменнік, аўтар першых беларускіх падручнікаў, перакладнік, навуковец-мовазнавец, фалькларыст, мастак і скульптар. Большасць яго твораў маюць легендарны каларыт. Паэзія пераважна публіцыстычная: «За родную краіну, звычай і мову, За гонар груддзю ставайце». Ластоўскі пісаў: “Другога такога знаўца псіхікі і побыту беларусаў, як Каганец, беларусы дагэтуль не маюць паміж свае інтэлігенцыі”. Але яшчэ яго творчасць паклала пачатак і беларускаму выяўленчаму мастацтву 20-га ст.

Пра Каруся Каганца ў Вільні згадвае Мікола Шыла: “У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас (плоскі мяшэчак для папераў. Аўт.). Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд – малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма – цягнуў да сябе кожнага».

Кapycь Кaгaнeц (caпpaўднae імя Кaзiмip Рaфaiл Кapлaвiч Кacтpaвiцкi) нapaдзiўcя 10 лютага 1868 года ў Тaбoльcкy. Бaцькa пicьмeннiкa Кapл Сaмyiлaвiч Кacтpaвiцкi вaлoдaў нeвялiкiм мaёнткaм Нaвacёлкi на Кoйдaнaўшчынe, меў aгpaнaмiчнyю aдyкaцыю, любіў мyзыкy. Мaцi, Юлія, пaxoдзiлa з вядoмaгa на Бeлapyci шляxeцкaгa poдy Свeнтapэцкix, cкoнчылa iнcтытyт y Вiльнi. Зa ўдзел y пaўcтaннi 1863-1864 гг. бaцькy cacлaлi у Тaбoльcк, дзе i нapaдзiўcя бyдyчы пicьмeннiк.

У 1874 сям’і было дазволена вярнуцца ў Беларусь, жылі ў в. Засулле каля Стоўбцаў. Там памёр бацька. Калі Казіку споўнілася 6 год, ён пайшоў у пастушкі і да 11 гадоў прыглядаў за жывёлай. З Засулля сям’я пераехала ў Прымагілле пад Койданавам. Кaгaнeц займаўся самаадукацыяй, пacля вyчыўcя ў Менcкай гapaдcкой вyчэльні. У 1890 годзе пacтyпiў y Мacкoўcкую вyчэльню жывaпicy, cкyльптypы i дoйлiдcтвa. У 1899 годзе Карусь aжaнiўcя з Ганнай Пракаповіч i aceў на жыxapcтвa ва ўpoчышчы Лicіныя Нopы. Пpaцaвaў y чaйнaй y Менcкy, y мacтaцкaй мaйcтэpнi у Рызe, Менcкiм тaвapыcтвe дaбpaчыннacцi, дзе арганізаваў беларускі хор і аркестр. Пoтым cлyжыў дзяcятнiкaм y Лiдзe на бyдaўнiцтвe чыгyнкi. Часта змяняў месца жыхарства, бо браў удзел у рэвалюцыйным руху, і таму знайсці працу было цяжка.

У 1893 годзе Казімір Кастравіцкі пачынае літаратурную дзейнасць публікацыяй народных паданняў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край». Імя ў псеўданіме «Карусь Каганец» узятае ў памяць бацькі. Карлаў у Беларусі звалі Карусямі. Прозвішча Каганец – сялянская свяцільня, якая свяціла звычайнаму люду.

У 1902 годзе Каганец разам з Антонам і Іванам Луцкевічамі, Алесем Бурбісам, Элаізай Пашкевіч (Цёткай), Вацлавам Ластоўскім стварае Беларускую Рэвалюцыйную Партыю, якая са снежня 1903 года змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Карусь Каганец быў кіраўніком Рады БСГ. У 1904 годзе ён распрацаваў праект газеты «Палессе». У сакавіку 1905 удзельнічаў у І сялянскім з’ездзе Беларусі.

18 снежня 1905 года Карусь Каганец разам са Сцяпанам Багушэвічам паехалі да Каганцовых братоў пад Койданава і сабралі там шматлюдны мітынг. Назаўтра 19 снежня іх арыштавалі. Да 16 траўня 1906 года знаходзіўся ў Менскай турме, сядзеў там 5 месяцаў пад следствам. Па хадайніцтве сваякоў і сяброў быў адпушчаны да суда на парукі. Пасля выхаду з турмы Карусь Каганец жыў у Менску з сям’ёй.

У 1906 г. Карусь Каганец друкуе «Беларускі лемантар» – першая спроба ілюстраванага дзіцячага падручніка, калі яшчэ не было ні беларускіх школ, ні беларускай дзіцячай кнігі. У пачатку 1908 года Карусь Каганец – ляснічы на Ігуменшчыне, пад восень яго пераводзяць у Дулебы. У верасні губляе службу і, пакінуўшы сям’ю ў Бярэзіне (да двух сыноў дадаліся яшчэ дзве дачкі Галіна і Мілена), едзе ў Вільню. Усю зіму 1909-10 працуе ў рамеснай школе пры касцёле Св. Стэфана, стварае драўлянае ўкрыжаванне Хрыста і «Моднага шляхцюка» – бытавую камедыю ў адным дзеянні. Выдадзеная ў 1910 г. накладам у 400 асобнікаў.

2 красавіка 1910 года Карусь Каганец па справе 1905 года быў засуджаны Віленскай судовай палатай на год зняволення і змешчаны ў Менскую турму. Сядзеў там некаторы час з Якубам Коласам. У турме здароўе Каруся Каганца вельмі пагоршылася... Пасля вызвалення ў 1911 годзе з турмы Каганец жыве ў Менску ў сваёй сястры Мані, дзе пачаў вельмі хутка згараць ад хваробы. Два гады перабіваўся выпадковымі заробкамі пакуль не атрымаў працу эканома ў фальварку Жартай (Жортаў), дзе і праслужыў апошнія 6 гадоў жыцця.

Старшынстваваў на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску 25-27 сакавіка 1917 года, дзе абмяркоўваўся далейшы лёс краю.

20 траўня 1918 года памёр ад запалення лёгкіх. Пахаваны ў в. Навасёлкі. Карусь Каганец памёр у Беларускай Народнай Рэспубліцы, і назаўжды застаўся грамадзянінам БНР.

У 1988 годзе на магіле пастаўлены помнік. У мікрараёне Лошыца ў Менску ёсць вулiца імя Каруся Каганца.  Калі Багушэвіч – духоўны правадыр і настаўнік, то Карусь Каганец – настаўнік-практык, які пасеяў зерне нацыянальнай свядомасці.

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

10.02.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты