Навіны

Генерал БНР. 135 гадоў з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча

Таленавіты вайсковец, унікальны тактык, здольны арганізатар, празорлівы палітык, бясстрашны ваяр, генерал БНР, папулярны публіцыст, паэт, польскі герой вайны за незалежнасць 1920 году (Цуд над Віслай) і абароны Варшавы ад немцаў у 1939 годзе… Ці не замнога пахвальных эпітэтаў для аднаго чалавека? Але, калі пашукаць «эпітэты» на старонках расейскіх у большасці аўтараў, то пахвальных там няма, затое напоўніцу адмоўныя і абвінавачваючыя… Яны яго замоўчвалі да 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, пакуль беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў – генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч нарадзіўся 10 лютага 1883 года у маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета. Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтку, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай.

Станіслаў і яго брат Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтку Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце.

З 20 жніўня 1914 года пачалася яго вайсковая кар’ера ў расейскай арміі. 9 ліпеня 1915 года атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка. Ваяваў за лініяй фронту супраць немцаў у складзе армейскага партызанскага атраду. Чатыры разы паранены. У 1917 годзе атрымаў Георгіеўскі крыж ІІІ ступені і тры ордэны Святой Ганны. Вясной 1918 г. запісаўся ў Чырвоную Армію і сфармаваў 1-ы Лужскі конны партызанскі полк. Троцкі прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Булак-Балаховіч адмовіўся ад гэтай пасады.

Параза Германіі ў Першай сусветнай вайне і намаганні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю. 25 снежня 1918 года атрад  Булак-Балаховіча дапамагае ўтрымаць незалежнасць Эстоніі. За вызваленне Тарту ад бальшавікоў Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г. званне падпалкоўніка. За ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал Аляксандр Радзянка прысвоіў Булак-Балаховічу званне генерал-маёра Але 22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы Юдзеніч аддаў загад арыштаваць Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд «за беззаконныя дзеянні». Булак-Балаховічу з дваццаццю коннікамі ўдалося ўцячы.

14 лістапада 1919 года Балаховіч падаў афіцыйную дэкларацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу. Атрад атрымаў афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». Балаховіч атрымаў ад Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Кастуся Езавітава беларускую форму, пячаткі і штамп Асобнага атраду. Тады была створана Палявая пошта БНР і выйшлі ў абарот паштовыя маркі «Асобны атрад Б.Н.Р».

28 студзеня 1920 года Булак-Балаховіч арыштаваў генерала М. Юдзеніча і захапіў касу. Грошы пайшлі на выплату жалавання салдатам і афіцэрам. 23 лютага 1920 года генерал Булак-Балаховіч падпісаў з польскім вайсковым прадстаўніком у Рызе пагадненне пра супольныя ваенныя дзеянні супраць Чырвонай Арміі. Зрабіў свой унёсак у «Цуд над Віслай» у 1920 годзе. Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4-й савецкай арміі, 26 верасня ўварваўся ў Пінск. Атрады з групы Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да заканчэння ваенных дзеянняў падчас савецка-польскай вайны.

Пілсудскі так характарызаваў Булак-Балаховіча:

«Не шукайце ў ім прыкмет штабнога генерала і не будзеце мець расчаравання. Гэта тыповы баламут і партызан, але бездакорны салдат, і хутчэй разумны атаман, чым камандуючы ў еўрапейскім стылі... Б'е бальшавікоў у многіх выпадках лепш штабных генералаў, так як сам генеалагічна паходзіць ад іх. Не шкадуе чужога жыцця і чужой крыві, зусім таксама, як і сваёй уласнай».

27 жніўня 1920 г. Барыс Савінкаў і Булак-Балаховіч падпісалі пагадненне пра аб’яднанне рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для наступу на ўсход.

Аднак у Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 года пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з Паўлам Алексюком.

6 лістапада 1920 г. армія  Булак-Балаховіча пачала наступ ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. У Тураве падчас набажэнства былі ўзнесеныя малітвы за Беларускую Народную Рэспубліку і поспех яе зброі. Булак-Балаховіч пацалаваў бел-чырвона-белы Сцяг і пакляўся, што «не складзе зброі, пакуль ня вызваліць роднага краю ад узурпатараў». 10 лістапада Булак-Балаховіч заняў Мазыр і з 12 лістапада абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы». 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай нацыянальнай арміі і стварэнне вайсковых узнагарод: вялікі крыж з мячамі і крыж мужных. На вялікім крыжы ў цэнтры па кругу надпіс: «За нашу і вашу свабоду».

20 лістапада Мазыр быў адбіты бальшавікамі. Армія Булак-Балаховіча адступіла і каля Турава была раззброеная польскімі войскамі. Частка атрадаў засталася на месцы і працягвала весці партызанскую вайну да 1922 г.

Калі казаць пра злачынствы войск Булак-Балаховіча, то пра яго адносіны да іх можа сведчыць выдадзены 20 кастрычніка 1920 года ў Пінску загад:

«Пасля ўзяцця гораду Пінску пачалі паўтарацца факты забойстваў і рабаванняў, як у самім горадзе Пінску, так і ў навакольных мястэчках. Ад гэтых забойстваў, гвалтаў і рабункаў пацярпела, галоўным чынам, габрэйскае насельніцтва... Рабаванні і пагромы прымяншаюць нашу баявую славу і зневажаюць наша добрае імя. Я буду бязлітасна змагацца з асобамі,  заклікаючымі да габрэйскіх пагромаў, так як гэта часцяком справа рук правакатараў... Загадваю Начальнікаў, часткі якіх займаюцца пагромамі, вызваляць ад пасад і аддаваць да агульнага ваеннага суду для пакарання па законах ваеннага часу, бо начальнік адказвае за сваю частку. Загадваю салдат, вінаватых у пагромах і рабаваннях, таксама даводзіць да агульнага ваеннаму суду для пакарання па законах ваеннага часу, а заспетых на месцы рабавання, як салдат, так і афіцэраў расстрэльваць тут жа. Пагромы не павінны быць і не будуць больш дапускацца».

Да генерала Булак-Балаховіча можна прад’явіць прэтэнзію толькі ў тым, што ён не здолеў поўнасцю кантраляваць дысцыпліну ў сваіх паасобных падраздзяленнях.

Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў абраны старшынём Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў. Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру.

У верасні 1939 года генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які рабіў партызанскія рэйды ў тылы нямецкіх войскаў. У канцы 1939 года генерал стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.

Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 года быў забіты агентамі НКВД перад сваім домам на Саскай вуліцы, 103. Па іншай версіі – агентамі гестапа, якія ў гэты перыяд супрацоўнічалі з НКВД. Сімвалічная магіла генерала  Булак-Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх могілках (кватэра А15, рад 8, магіла 12). Усяго Булак-Балаховіч быў тройчы жанаты, і ад кожнага шлюбу меў дзяцей.

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

Ілюстрацыі:

1. Булак-Булаховіч

2. Падрыхтоўка паходу на Палессе

3. Марка “Асобны атрад Б.Н.Р.”

4. Мемарыяльная дошка на будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Варшаве, Саска Кемпа, вуліца Парыжская, у памяць пра генерала Булак-Балаховіча

5. Паштовая картка, выданая падпольнай поштай “Салідарнасці” у 1980 г.

6. Сімвалічная магіла Булак-Балаховіча

10.02.2018

Відэа

праваабарончыя сайты