Навіны

Беларускі святар, які адмовіўся спяваць цару “Многія леты”

135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Белагаловага

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, педагог Язэп Белагаловы нарадзіўся 11 лютага 1883 года ў Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з Беларусі. Вучыўся ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касцёле Святой Кацярыны і ў 6-й гімназіі. У 1903 годзе скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю, у 1907-ым – Мітрапалітальную духоўную акадэмію. Стаў кандыдатам тэалогіі і магістрам кананічнага права. Пасвечаны ў святары ў 1906 годзе.

У 1907-1910 гадах працаваў настаўнікам рэлігіі ў Смаленску ў мужчынскай гімназіі і ў рэальнай вучэльні. 14.8.1910 прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу.

Адмовіўся праспяваць “многие лета” расейскаму цару і быў высланы за мяжу з семінарыі біскупам , Жыў далей у Рыме, Інсбруку (Аўстрыя). У 1913-18 гадах зноў у Пецярбургу, намеснік прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасна выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі.

У 1918 годзе прызначаны пробашчам і дэканам у Магілёў. Выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Менску. Арганізаваў прытулак для састарэлых і хворых. У 1919 годзе выконваў функцыі намесніка біскупа Лазінскага. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэраваны ў Смаленску. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця, звяртаўся да вернікаў на беларускай мове.

Знявольваўся ЧК у 1921 годзе два разы. У лютым 1922 года засуджаны да 5 гадоў савецкага канцлагеру. Выпушчаны ў 1923-ім, зноў стаў дэканам у Магілёве.

28 жніўня 1926 года схоплены ОГПУ, звінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкану, Польшчы і Францыі, стварэнні арганізацыі “Маладыя філарэты”. У выніку засуджаны на 5 гадоў савецкіх канцлагераў без права на амністыю. У 1928 годзе з Салаўкоў дастаўлены ў Маскву ў турму на Лубянцы, дзе, хутчэй усяго, і быў закатаваны.

 

11.02.2018

праваабарончыя сайты