Навіны

Пакрыўджанае пакаленне

Прыгадваецца мне адна журналісцкая паездка-стажыроўка ў Швецыю. Пасля ўсіх спраў, мы, беларускія журналісты, вырашылі паглядзець футбол на стадыёне невялікага правінцыйнага гарадка гэтай цудоўнай краіны. Футбол глядзелі стоячы, бо сядзячыя месцы каштавалі вельмі дорага.

Надакучыла мне стаяць па смірнай стойцы, і я спусціўся ўніз, стаў каля ўваходу на стадыён. Раптам падыходзіць адзін немалады швед, нешта хуценька сам сабе прамармытаў, гледзячы на футбольнае поле, а потым пытае ў мяне пра футбол. А калі я сказаў, што я не са Швецыі, ён адразу пацікавіўся: “А скуль прыехаў?.. Можа з Германіі ці з Польшчы?”. Кажу: “Не, я прыехаў з Беларусі”. Раптам твар у шведа змяніўся ў колеры і ён спачувальна абняў мяне, пасля паляпаў па плячы і сказаў: “Беларусь?! О! Беларусь – Чарнобыль, Лукашэнка! О! Беларусь!”.

Я часта прыгадваю гэты выпадак. Прыгадваю не толькі таму, што на думку шведа ў Беларусі цяжка жыць, а таму, што ў нашай краіне найбольш не пашанцавала майму пакаленню, пакаленню тых, хто нарадзіўся ў самым канцы 1950-ых – пачатку 1960-ых гадоў. Менавіта на долю майго пакалення адбыліся і Афганістан, і Чарнобыль, і ўлада аднаго чалавека, і мэтанакіраванае знішчэнне роднай мовы, і тое, што на пенсію мае хлопцы-равеснікі пойдуць у 63 гады, а жанчыны ў 58, а магчыма хутка і ў 65 і 60 і г.д. А большасць з іх наогул да пенсіі і не дажыве і не дажывае…

Гэта на долю майго пакалення выпала тое, што ў райвыканкамах працуюць людзі, якія зусім не ведаюць, чым яны займаюцца, дзе яны жывуць, бо гэтыя людзі неадукаваныя, далёкія ад грамадскага жыцця, палітыкі, гісторыі, культуры, эканомікі, а райвыканкамамі кіруюць тыя, хто неяк завочна аднойчы скончыў сельскагаспадарчую вучэльню.

Гэта на долю майго пакалення выпала тое, што ў школах сёння настаўнікі займаюцца выбарамі, нейкімі конкурсамі, канцэртамі, падрыхтоўкамі да праверак, спартыўнымі спаборніцтвамі, зборам пластыкавых бутэлек, макулатуры, металалому, але толькі не грунтоўнай педагагічнай працай.

Гэта на долю майго пакалення выпала тое, што ў нашых раённых газетах працуюць людзі, якія наогул не ведаюць, што такое журналістыка, як трэба пісаць і падаваць матэрыялы ў друк, як трэба займацца журналісцкім расследаваннем дзеля таго, каб зацікавіць чытачоў сваімі выданнямі.

Гэта на долю майго пакалення выпала тое, што ў краіне растуць штодзень кошты на прадукты і камунальныя паслугі, на паліва і лекі. Гэта на долю майго пакалення выпала знішчэнне вёсак, а вяскоўцы ад адчаю співаюцца і паміраюць. Гэта на долю майго пакалення выпала так, што хворых людзей больш чым здаровых, перапоўнены бальніцы і паліклінікі.

Гэта на долю майго пакалення выпала і тое, што ў многіх райцэнтрах Беларусі адсутнічаюць кнігарні, дзе дзеткі і бацькі не могуць купіць кніжкі на роднай мове, паштоўкі, сшыткі. Гэта мае равеснікі і маладзейшыя беларусы едуць ва ўсе краіны свету, каб зарабіць грошы і пракарміць сем’і, а многія з заробкаў не вяртаюцца, альбо трапляюць у рабства ці гінуць, альбо проста знікаюць. Гэта нашы дзеці баяцца тут быць, а едуць у Еўропу, каб атрымаць там адукацыю і застацца жыць...

Божа ж ты мой, Божа!.. А мы ж заўсёды марылі, што атрымаем вышэйшыя адукацыі, будзе дома файная праца, добрая сям’я, жыллё, машына, мы не будзем хварэць, будзем жыць шчасліва ў сваёй краіне і разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі рабіць яе багатай, прыгожай і магутнай. 

Але ці збыліся  мары ў майго, пакрыўджанага лёсам, пакалення? І ці збудуцца мары ў тых беларусаў, якія нарадзіліся тут 20 гадоў таму?..

Сяргей Чыгрын

11.02.2018

праваабарончыя сайты