Навіны

„Права выбару” заяўляе пра „рэкордныя разыходжанні” яўкі выбаршчыкаў з дадзенымі назіральнікаў

Кампанія „Права выбару” заяўляе, што ў Менску зафіксавана рэкорднае — амаль у 14 разоў — разыходжанне яўкі выбаршчыкаў з дадзенымі назіральнікаў.

У першы дзень датэрміновага галасавання, якое пачалося 13 лютага, прадстаўнікі кампаніі „Права выбару” знаходзіліся на 154 выбарчых участках. У назіранні удзельнічала 308 чалавек. Яны падалі, паведамляе прэс-служба кампаніі, ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб правядзенні адкрытага і публічнага падліку галасоў.

Усяго за першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі „Права выбару” падрыхтавалі і падалі восем скаргаў.

Найбольш распаўсюджаным парушэннем, паведамляюць назіральнікі, была неналежная ахова скрыняў для галасавання падчас абедзеннага перапынку. Памяшканні, дзе захоўваліся скрыні для галасавання, не апячатваліся, адзначаюць яны (напрыклад, у Мінску па Старавіленскай акрузе № 41 на ўчастках № 28 і № 34).

На некаторых выбарчых участках, заяўляюць назіральнікі, члены ўчастковых выбарчых камісій адмовілі ў падачы інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў (у Мінску па Трактаразаводскай акрузе № 57 на ўчастках № 28, № 33 і № 35).

Найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў назіральнікі зафіксавалі ў Мінску на ўчастку № 27 Карбышаўскай выбарчай акругі № 50. Там, паводле звестак назіральнікаў, прагаласавала ўсяго дзевяць чалавек, аднак па пратаколе камісіі — 123. На ўчастку № 28 гэтай жа акругі, паводле звестак назіральнікаў, прагаласавала 17 чалавек, а паводле афіцыйнай інфармацыі — 58.

Падобная да гэтай сітуацыя зафіксаваная і ў рэгіёнах. Так, у Мастоўскай раённай выбарчай акрузе № 7, паводле звестак назіральнікаў, у першы дзень галасавання прагаласавала 23 чалавекі, а паводле афіцыйных дадзеных — 63.

„Гэтыя парушэнні звязаныя ў большасці выпадкаў з недастатковай падрыхтоўкай членаў участковых выбарчых камісій, якія вельмі часта трактуюць закон па-свойму, — адзначыў нацыянальны каардынатар кампаніі „Права выбару” Аляксандр Сілкоў. — Аднак ужо ёсць сігналы не толькі парушэнняў, але і фальсіфікацый. Я кажу пра завышаную яўку на выбарчых участках. Калі яе пачынаюць завышаць, яна разыходзіцца з дадзенымі назіральнікаў у некалькі разоў, то гэта ўжо першыя званочкі фальсіфікацый выбарчага працэсу. Мы сочым за гэтымі разыходжаннямі вельмі пільна”.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у першы дзень галасавання прагаласавала 4,44% выбаршчыкаў. У кампанію назірання уваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб`яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, аргкамітэты па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.

 БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/prava-vybaru-zayaulyae-pra-rekordnyya-r/

14.02.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты