Навіны

Марныя спрэчкі

Чым добрыя сацыяльныя сеткі – найперш тым, што дазваляюць хутка атрымаць гарачую інфармацыю, сама свежыя навіны і каментары на падзеі ў тваёй краіне, а таксама ва ўсім свеце. Таксама яны значна спрашчаюць камунікацыю паміж людзьмі. У якой бы кропцы зямнога шару ты не знаходзіўся, калі маеш падлучэнне да інтэрнэту, у кожны момант можаш скантактавацца з сябрамі ці роднымі, нешта паведаміць, дамовіцца, падзяліцца нейкай радасцю ці праблемай, альбо проста прывітацца. Сацыяльныя сеткі – гэта ўжо наша звыклая рэальнасць, ад якой нікуды не падзецца. Як і кожнае іншае тэхнічнае вынаходніцтва яны могуць служыць добрай справе, а могуць распаўсюджваць шкодныя ідэі, несці ксенафобію, распальваць варожасць. Нездарма тэрмін “інфармацыйная вайна” у дваццаць першым стагоддзі набыў новае напаўненне і значнасць. Але зараз не зусім пра гэта.

Што адмоўнага ў сацыяльных сетках – гэта тое, што яны адымаюць у цяперашняга чалавека вельмі шмат часу. Ведаю некаторых сяброў і знаёмых, якія адмыслова не рэгіструюцца ў фэйсбуках-твітарах-інстаграмах, рэзонна баючыся, каб іх не паглынула гэтая віртуальная бездань. А сама горшае ў сацсетках – гэта даць уцягнуць сябе ў бясконцыя дыскусіі і зацятыя спрэчкі. Тым больш, што гэтая прастора проста кішыць рознымі тролямі, перавэратнямі і правакатарамі. Недасведчанаму чалавеку цяжка ўтрымацца ад таго, каб не ўвязацца ў гарачую спрэчку, у якой часцяком даходзіць да брудных слоў і абразаў. Ад такіх непатрэбнасцяў, аднак, адгарадзіцца не так складана. Дастаткова не далучаць сумнеўных асобаў у сябры, выдаляць з іх ліку відавочных хамаў, не адказваць на такія выпады, якія выразна выглядаюць на правакацыйныя.

Намнога цяжэй не ўвязвацца ў дыскусіі з людзьмі блізкімі па духу і светагляду. Бо часам паразумецца нават з блізкімі сябрамі па нейкіх тэмах ці пытаннях складана. Пераканаўся ў гэтым на ўласным досведзе. У голым выніку толькі марна патрачаныя час і нэрвы, бо кожны застаецца пры сваім. Гэта толькі ў крылатым выслоўі ісціна нараджаецца ў спрэчках. Насамрэч людзі рэдка хочуць слухаць чужых аргументаў і прызнаваць чужую рацыю, такая ўжо ў насельнікаў гэтай планеты натура. Таму лепш за ўсё, калі маеш, што сказаць, выкласці сваю думку і не ўвязвацца ў далейшую багну абмеркаванняў.

Апошнія тыдні беларускі грамадскі актыў найбольш спрачаўся пра так званыя мясцовыя “выбары”. Значна менш абмяркоўвалі алімпіяду і выступы на ёй суайчыннікаў. З белай алімпіядай прасцей. У цэлым заваёвы беларусаў, а дакладней беларусак, у кожным разе пойдуць у скарбонку нацыянальных заваёваў і нашага гонару. Нягледзячы на памкненне дзяржаўных ідэолагаў “прыватызаваць” гэтыя спартовыя поспехі. Заўсёды прыемна калі твая краіна ў медальным заліку стаіць вышэй многіх іншых магутных дзяржаў. Хоць не маем тут ніякіх ілюзій – піраміды масавага спорту і сістэмнай рыхтоўлі высокакласных спартоўцаў у Беларусі, на жаль, няма. У гэтым сэнсе сітуацыя горшая, чым нават у час Савецкага саюза, калі фізкультура і спорт былі сапраўды масавымі.

Але вернемся да выбараў-“вырабаў”. Улада давяла іх да поўнага абсурду, па бальшыні акругаў не было нават фармальнай альтэрнатывы. Так званыя “дэпутаты” былі прызначаныя заранёў у класічных савецкіх традыцыях, выбарчая кампанія праходзіла толькі дзеля карцінкі. А вось грамадскія актывісты нямала пасварыліся на старонках сацыяльных сетак. Адны з іх бралі ўдзел у гэтай кампаніі і пераконвалі, што пасіўнасць нічога не вартая, трэба ісці да людзей і даводзіць свае пазіцыі і погляды на тое, што робіцца ў краіне. Іншыя заклікалі да байкоту, ці да ігнаравання гэтага выбарчага фарсу і вінавацілі апанентаў у тым, што сваім удзелам яны дапамагаюць надаць выбарам у мясцовыя саветы легітымнасць. І тыя, і іншыя прыводзілі дастаткова шмат аргументаў. У кожнага тут была свая рацыя і праўда. Трацейскім арбітрам выступаць нікому не хацелася. Дэпутаты, якія нічога не вырашаюць, урэшце вызначаны. Дыскусіі ў сацсетках сціхлі, а хто меў рацыю з дэмакратаў – засталося невядомым. Марныя спрэчкі…     

Уладзімір Хільмановіч

28.02.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты