Навіны

85 гадоў з дня смерці Уладзіміра Жылкі

Беларускі пісьменнік Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы Наваградскага павету (цяпер Нясьвіжскі раён, непадалёк чыгуначнай станцыі Гарадзея), паходзіў з сялянскай сям’і. У 1914 годзе скончыў гарадскую вучэльню ў мястэчку Мір. У Першую сусветную вайну сям’я была ў бежанстве ў Тульскай губерні Расеі. Там скончыў 3 класы агранамічнай вучэльні ў Багародзіцку. Вядома, што ў 1916 годзе скончыў Слонімскую пачатковую школу. У сакавіку 1917 года разам з бацькам Адамам прыехаў ў прыфрантавы Менск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе.

У кастрычніку 1919 – сакавіку 1920-га працаваў настаўнікам у менскай беларускай пачатковай школе. У гэты час далучыўся да беларускага вызвольнага і культурна-асветніцкага руху, наведваў клуб “Беларуская хатка”, пазнаёміўся з Ядвігіным Ш., Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Міхасём Чаротам, Леапольдам Родзевічам. Уступіў у партыю эсэраў. Працаваў аграномам маёнтку пад Менскам, якім загадваў Міхась Чарот, надзяляў зямлёй сялян. Быў у падполлі і друкаваўся ў менскіх газетных выданнях.

У 1919 годзе Жылка захварэў на сухоты і, праляжаўшы тры месяцы, урэшце паехаў да сваякоў у вёску Клецішча на Случчыне, а потым пераехаў да дзеда ў вёску Падлессе на Наваградчыне. Калі гэтая мясцовасць пасля 1921 года апынулася ў Польшчы, пераехаў у Вільню. Працаваў там у беларускай кнігарні, апекаваў разам з Родзевічам створаную ў Віленскай беларускай гімназіі тэатральную майстэрню. Пісаў вершы. Каб пазбегнуць прызыву ў войска Жалігоўскага, летам 1922 года выехаў у Коўна. Потым пераехаў у Латвію, там наведваў выпускны клас Беларускай гімназіі ў Дзвінску. Быў сувязным паміж віленскім і ковенскім цэнтрамі беларускага вызвольнага руху і беларускімі суполкамі Балтыі. У канцы 1922 года нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Родзевічу ў апрацоўцы артыкулаў для газет “Наша будучыня” і “Новае жыццё”.

У 1926 годзе выехаў на вучобу ў Чэхаславаччыну, стаў стыпендыятам чэхаславацкага ўраду. Вучыўся на філалагічным аддзяленні філасофскага факультэту Карлавага ўніверсітэту. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, сябраваў з яго старшынём Ігнатам Дварчанінам, дапамагаў у выданні органа гэтай арганізацыі – часопіса “Перавясла”. Таксама рэдагаваў часопіс “Прамень”. Да 1926 года Уладзімір Жылка жыў у Празе.

У 1926 годзе прыехаў у Менск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Неабачліва пастанавіў прыняць савецкае грамадзянства і застаўся ў БССР. Выйшаў з партыі эсэраў. У Савецкай Беларусі спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце “Беларуская вёска”. 3 1927 года – загадчык аддзела літаратуры газеты “Звязда”, выкладаў беларускую літаратуру ў Менскім музычным тэхнікуме. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. У 1928 годзе выключаны з “Маладняка” за неадпаведнасць пралетарскай літаратуры, працягваў друкавацца ва “Узвышшы”; з прычыны ідэалагічнага ціску змушаны пакінуць “Звязду”. Працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно, працягваў выкладаць замежную літаратуру ў музычным тэхнікуме. Сябраваў з Язэпам Пушчам, Уладзімірам Дубоўкам, Адамам Бабарэкам.

У ліпені 1930 года ў час рэпрэсій быў арыштаваны, засуджаны да 5 гадоў высылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці (Расея). Памёр ад сухотаў 1 сакавіка 1933-га. Пахаваны ў горадзе Уржум. Памяць у Беларусі пра яго ніяк не ўшанавана. 

01.03.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты