Навіны

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына аб неадпавядаючай выбарчаму кодэксу публікацыі ў Смаргоні

Смаргонская раённая газета «Светлы шлях» у нумары ад 23 лютага 2018 г. размясціла паведамленне раённай выбарчай камісіі аб выніках выбараў дэпутатаў раённага Савета.

Былы кандыдат у дэпутаты Алесь Дзергачоў паведаміў у Цэнтральную выбарчую камісію, што публікацыя не адпавядае артыкулу 92  Выбарчага кодэкса.  У ёй адсутнічаюць звесткі аб агульнай колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы і прыняўшых удзел ў галасаванні па кожнай выбарчай акрузе (замест гэтага камісія паказала гэтыя лічбы  ў цэлым па раёне), аб колькасці галасоў, пададзеных за кожнага кандыдата  на выбарчай акрузе №15 (іх было 2 – Нікадон і Дзергачоў, а вынікі  прыведзены толькі па першым).

Акрамя таго, па выбарчай акрузе №15 адносна абранага кандыдата паказана колькасць галасоў супраць (93), хаця гэта колькасць галасоў не супраць абранага, а супраць абодвух кандыдатаў. Паводле ж арт.92 Выбарчага кодэкса колькасць  галасоў супраць кандыдата паведамляецца толькі ў выпадку, калі галасаванне праводзіцца па адной кандыдатуры.

Такім чынам, Смаргонская раённая камісія падала ў друк не поўную, а па выбарчай акрузе №15 яшчэ і скажоную інфармацыю.

На гэтай падставе Алесь Дзергачоў запатрабаваў, каб ЦВК  даручыла Смаргонскай раённай камісіі     ў чарговым нумары  газеты «Светлы шлях» размясціць інфармацыю аб выніках выбараў, якая б адпавядала  артыкулу 92 Выбарчага кодекса.

 У адказе ЦВК  ад 26.02.2018 №01-11/Д-279 за подпісам яе старшыні Лідіі Ярмошынай паведамляецца, што ЦВК дала даручэнне Смаргонскай раённай камісіі размясціць падрабязную інфармацыю, але не ў газеце, а на інтэрнэт-сайце Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта.  Выпраўленне ж не адпавядаючай Выбарчаму кодэксу інфармацыі ў раённым сродку масавай інфармацыі яна назвала «паўторным размяшчэннем паведамлення аб выніках выбараў у газеце, што з'яўляецца неактуальным і было б абгрунтаваным толькі ў выпадку дапушчэння памылак у першапачаткова апублікаваным паведамленні».

Як лічыць Алесь Дзергачоў, дзеянні як раённай, так і Цэнтральнай выбарчай камісіі накіраваны на ўтойванне ад шырокага кола выбаршчыкаў (раздзел выбараў сайта равыканкама наведваюць адзінкі) поўнай інфармацыі аб выніках галасавання, каб яны не маглі бачыць нерэальных лічбаў удзелу ў выбарах і фактычна правальных для ўлады выніках на выбарчай акрузе №15. На гэтай акрузе, дзе ён балатаваўся і дзе  назіральнікамі вёўся ўлік прагаласаваўшых, яўка выбаршчыкаў склала 49,8%. На выбарчай акрузе №3, дзе такі ўлік  вёўся на адным з двух участкаў акругі, яўка склала ўвогуле 46,7%. А вось на выбарчай акрузе №25, дзе балатаваўся дзеючы старшыня раённага Савета Іван Рамановіч, з 1554 выбаршчыкаў акругі ўдзел у галасаванні прынялі 1539, або 99%(!).  Нічым іншым, акрамя фальсіфікацыі яўкі, гэту лічбу патлумачыць немагчыма.

Цікава, што і пасля ўмяшальніцтва ЦВК раённая камісія не  паказала на сайце Смаргонскага райвыканкама лічбы ў адпаведнасці з арт.92 Выбарчага кодэкса: па альтэрнатыўнай  выбарчай акрузе №15 лічбы галасавання супраць абодвух кандыдатаў яна паказала як лічбы галасавання супраць кожнага асобнага кандыдата. У выніку атрымалася, што кожны з двух кандыдатаў набраў больш галасоў за, чым супраць.

05.03.2018

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты