Навіны

Шуфаль для адкідвання снегу

Расея здзівіла свет новым тэхнічным дасягненнем. Уяўляеце, тэхнічнае дасягненне, а аўтар – Расея! Ну няўжо не дзіва? Зразумела, што гэтае дасягненне не суперкамфортны легкавы аўтамабіль для ўсёй сям’і, і не звышмагутны і кампактны кампутар, і нават не зручны для працы шуфаль для адкідвання снегу. Не. Гэта ракета. Ну не тая, на якой можна паляцець на Марс, а проста звычайная баявая ракета, якая можа несці ядзерны зарад і з лёгкасцю ўзарваць які-небудзь горад на планеце Зямля. Любы горад можа ўзарваць, у кожнай кропцы планеты. Нават можа разнесці ў пыл той горад у якім жывеце вы. Лёгка.

Пра гэтае дасягненне свету паведаміў сам начальнік Расейскай Федэрацыі на сваім штогадовым пасланні парламенту і расейскаму народу. А заадно і ўсяму астатняму свету. Хай ведаюць усе. Чаго тут сціплічаць. Ракета то не простая. Такой няма больш ні ў каго. Яна не толькі можа несці ядзерны зарад, але і сама мае ядзерны рухавік. Таму можа бясконца лятаць у вас над галовамі і быць незаўважанай. І зваліцца на зямлю таксама можа нечакана як пярун з яснага неба, толькі ў адрозненні ад пяруна зробіць гэта па загадзе з Крамля.

Начальнік Расеі вельмі ганарыўся новай зброяй і паабяцаў, што пакуль іншыя будуць працаваць над нечым падобным для сябе, яго навукоўцы прыдумаюць яшчэ што-небудзь не менш эфектнае. Ну і ўсім напэўна ясна што гэта будзе несуперкамфортны легкавы аўтамабіль для ўсёй сям’і, і не звышмагутны і кампактны кампутар, і нават не зручны для працы шуфаль для адкідвання снегу… Гэта зноў будзе ракета.

У Расеі то і раней у зброі недахопу не было. Нават жарты ёсць такія, маўляў што б не рабілі расейскія навукоўцы, у выніку ўсядно атрымліваецца аўтамат Калашнікава. Ну, прыкладам, працуюць над новым аўтамабілем, ці кампутарам, ці нават над тым шуфлем, прападзі ён пропадам, а ўсядно атрымліваецца аўтамат. Але гэта ўсё ў мінулым. Зараз жа, калі верыць расейскаму лідару, навукоўцы ад пачатку працавалі над тым, што і атрымалася ў выніку. І вось гэтае дасягненне сапраўды здзіўляе больш, чым сам выніковы цудапрадукт, якім з вялікім гонарам пахваліўся прэзідэнт Расейскай Федэрацыі. І асабліва падкрэсліў, што цяпер то з ім прыйдзецца размаўляць тым палітычным лідарам планеты, якія раней такія размовы інгаравалі.

Парламентарыі расейскай Думы проста прыйшлі ў звышэмацыйны экстаз ад слоў свайго лідэра. Яны вельмі цешыліся, што іх краіна зараз можа ў імгненне вока знішчыць тое, што яны, парламентарыі, па сутнасці сваёй прафесіі нібыта павінны ствараць. Я маю на ўвазе справядлівы суд, празрыстую і справядлівую выбарчую сістэму, сістэму абароны праў чалавека, эфектыўную эканоміку, якая можа прадукаваць суперкамфортныя аўтамабілі для ўсёй сям’і, ці звышмагутныя і кампактныя кампутары, ці хаця бы зручныя для працы шуфлі для адкідвання снегу, што для Расеі даволі актуальна.

Але ж не туды тое. Сумна ім відаць займацца падвышэннем дабрабыту свайго насельніцтва. Сумна і нецікава. Значна весялей паўдзельнічаць у планах знішчэння тых, хто гэтага дабрабыту ўжо дасягнуў. Нездарма ж у тым мульціку, пра новую супер-ракету, які паказалі пад словы расейскага начальніка прама ў парламенце, баявыя зарады падаюць не куды папала, а дакладна на тэрыторыю Злучаных Штатаў. А начальнік Расеі пры гэтым сцвярджаў, што гэтая ракета прынясе мір, бо яна і ёсць парытэтам, і яшчэ сцвярджаў што Расеі чужых земляў не трэба. На вялікі жаль ён не растлумачыў, якія землі лічыць чужымі, а якія такімі не лічыць. Таму па-ранейшаму застаецца загадкай хто яшчэ з суседзяў знаходзіцца ў статусе Крыма, а хто можа пакуль крыху ўздыхнуць з палёгкай.

І яшчэ адна незразумеласць ёсць ва ўсім гэтым. Расея, звычайна, усе свае вайсковыя здабыткі заўсёды трымала ў жалезным сакрэце. Так яшчэ з часоў Савецкага Саюзу павялося. А тут сам галоўнакамандуючы па тэлебачанню здраджвае на ўвесь свет самую вялікую ваенную таямніцу. Ды за такое… Аж страшна сказаць…

Таму і не асабліва верыцца што такая ракета ёсць яшчэ дзе, акрамя таго мульціка.

А зручных і якасных шуфляў для адкідвання снегу то няма дакладна.

Віктар Сазонаў


07.03.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты