Навіны

80 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарняўскага

Мядзельскія хлопцы казалі: «Маляваў Слаўка Лапіцкі. З нашай школы. Яго расстралялі за Беларусь». Гісторыя мядзельскіх школьнікаў, якія расклейвалі ўлёткі і за гэта іх з аўтаматамі забіралі з урокаў, яго настолькі ўразіла, што сам пяцікласнікам пачаў пісаць улёткі: «Прэч расейскіх акупантаў!». Ішоў у школу і па дарозе раскідваў…

Змагаўся за свядомасць кожнага і стараўся далучыць у шэрагі адраджэнцаў: «Бачу, што бацька – свядомы беларус, і сын беларускамоўны, будзе паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Даю адрас: будзеш у Менску – можаш спыніцца ў мяне… Мы так шукалі. Дзяцей настаўнікаў беларускіх, старых КПЗБўскіх свядомых дзеячаў».

Вось яшчэ прыклад, як разумеў Міхась Чарняўскі фармаванне руху за Свабоду і які ігнаруецца сучаснымі палітычнымі лідарамі з невядомай прычыны:

«Я паставіў на стол бутэльку гарэлкі і пачаў яму казаць: ты павінен вучыцца, вучыцца выдатна, каб заняць пасаду, мы мусім усё абсадзіць сваймі людзьмі».

Міхась Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 г. у вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Гісторык, археолаг, краязнаўца. Быў у тым гурце людзей, якія ў савецкі час у Менску прынцыпова гаварылі па-беларуску і фармавалі падпольны рух за незалежнасць. Вучыўся ў Менску, стаў навукоўцам. З 1966 працуе ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 – кандыдат гістарычных навук. Актыўны ўдзельнік інтэлектуальнай апазіцыі, удзельнік і адзін з арганізатараў клубу вольнадумнай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973-1974. «Акадэмічны асяродак» у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяванню кантактаў са студэнцтвам – распаўсюджанню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягванню ў сферу сваёй дзейнасці. Міхась Чарняўскі тады быў звольнены з працы, апынуўся ў сферы зроку КДБ. Пасля працоўнага дня Міхась выступаў перад рабочымі з лекцыямі па гісторыі Беларусі, займаўся навуковымі даследаваннямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні. Зноў уладкавацца па спецыяльнасці ў інстытуце гісторыі здолеў толькі пазней, але да перабудовы яму не дазвалялі выязджаць за мяжу. Чарняўскі знаходзіў магчымасць падтрымліваць Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш і дзясяткі простых беларускамоўных хлопцаў і дзяўчат, далучаў іх да грамадскай дзейнасці.

Як навуковец, вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалогіі Беларусі» і «Гісторыі Беларусі» у шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю «Археалогія і нумізматыка Беларусі» і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі.

Кладучы цаглінку за цаглінкай у падмурак новага Адраджэння, Міхась Чарняўскі працаваў, як цэлая ўстанова.

У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту. Увосень 1988 – у пачатку 1989 ён сябра Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 – пачатку 1991 – у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Міхась Чарняўскі напісаў і захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоннікі». Дзеля папулярызацыі забытых старонак гісторыі Беларусі, напісаў кнігі «Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч», «Дзесяць бітваў» і «Як пошуг маланкі. Расціслаў Лапіцкі». Памяць аб героі дзіцячых успамінаў, што вяртала гісторыі забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву.

Памёр Міхась Чарняўскі 20 студзеня 2013 году ў Менску пасля цяжкай і працяглай хваробы. Пахаваны Міхась Чарняўскі на магільніку ў Круцях на Мядзельшчыне. Скульптуру на магіле выканаў знаны майстар і паплечнік па нацыянальным руху Алесь Шатэрнік.

«І выберу Радзіму» – назваў свой прысвечаны Чарняўскаму фільм ягоны сябар, рэжысёр Валеры Мазынскі. У фільме гучыць песня створаная Міхасём Чарняўскім:

Ах, якія былі Пагоні!

Ах, якія былі баі!

Быццам птушкі, ляцелі коні

На чатыры канцы зямлі!

Мы Масковію шабляй мералі,

Дзідай мералі ціхі Дунай.

Даляцелі б і да Амерыкі,

Толькі вельмі ж далёкі край…

Не чакайце, шляхотныя пані –

Кавалеры ў стэпе ляжаць.

Будуць вечніцца нашы расстанні

Без магілы, слязы і крыжа.

Хмарка лёгкая качыцай шэрай,

Прыплыві на радзімы парог,

Жменькай дажджу пастукай у дзверы,

Прашапчы, што вярнуцца ня змог.

Ах, якія былі Пагоні…

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

07.03.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты