Навіны

Вышэйшы начальнік Паўстання. 265 гадоў з дня нараджэння Тамаша Ваўжэцкага

Тамаш Антон Ваўжэцкі гербу Роля нарадзіўся 7 сакавіка 1753 года ў маёнтку Мэйшты Браслаўскага павету. Грамадска-палітычны i вайсковы дзеяч ВКЛ. Харужы браслаўскі. З маладых гадоў практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права i практык-юрыст. З 1782 падстароста ковенскі, з 1784-га – падкаморы ковенскі.

Пасол ад Браслаўскага павета на Чатырохгадовым сойме Рэчы Паспалітай 1788–1792 гадоў, дзе браў слова роўна 169 разоў. Тады, у ХVІІІ стагоддзі вырашаўся лёс Бацькаўшчыны.

Палымяныя прамовы Ваўжэцкага прысвячаліся рэформам, што павінны былі пазбавіць дзяржаву ганебнай залежнасці ад Расеі. Браслаўскі пасол у сваім маёнтку ўжо скасаваў паншчыну і даў былым прыгонным волю.

У 1786 годзе ён стаў кавалерам Ордэна Святога Станіслава.

Разам з пінскім паслом Бутрымовічам распрацаваў ухваленую соймам (1789) рэформу мясцовага адміністрацыйнага кіравання ў ВКЛ i Кароне. Пазней Тадэвуш Касцюшка выкарыстаў гэтыя мясцовыя органы для кіраўніцтва Паўстаннем.

У 1791 годзе ўзнагароджаны Ордэнам Белага Арла.

Бліскучы прамоўца і тонкі знаўца права, Тамаш Ваўжэцкі прычыніўся да прыняцця Канстытуцыі 3 траўня 1791 году – другой у свеце (пасля ЗША) і першай у Еўропе. Канстытуцыя выводзіла дзяржаву на шлях прагрэсіўнага развіцця. Абвяшчаліся свабода друку і сумлення, галоснасць і незалежнасць суду, рэлігійная талеранцыя і стварэнне ўраду, які павінен служыць не аднаму стану, а ўсяму грамадству. Але час быў страчаны.

У 1792 годзе 100-тысячная расейская армія перайшла мяжу Рэчы Паспалітай. У час вайны з Расеяй Тамаш Ваўжэцкі быў радцам камандуючага арміяй ВКЛ генерал-лейтэнанта Юзафа Юдыцкага. Удзельнічаў y бітве пад Мірам (11.6.1792). Пасля адступлення войска ВКЛ пад Гародню прапаноўваў новаму камандуючаму Міхалу Забелу накіраваць y тыл ворага дыверсійныя партызанскія атрады, але не быў падтрыманы. Вынікам інтэрвенцыі стаўся новы, другі падзел дзяржавы. Адказам стала Паўстанне, якое ўзначаліў Тадэвуш Касцюшка.

Тамаш Ваўжэцкі актыўны ўдзельнік Паўстання ў Беларусі i ў Літве. 24.4.1794 пасля перамогі Паўстання ў Вільні Тамаш Ваўжэцкі ўвайшоў y склад Найвышэйшай Літоўскай рады – рэвалюцыйнага ўрада Літвы. Браў удзел y арганізацыі віленскай муніцыпальнай гвардыі. З сярэдзіны траўня 1794 года – адзін з кіраўнікоў Паўстання на Жмудзі i ў Курляндыі. Вызначыўся ў штурме Лібавы і ў бітве пад Берасцем. У канцы траўня Касцюшка ўзнагародзіў Тамаша Ваўжэцкага залатым пярсцёнкам “Радзіма Абаронцы Свайму” № 46 і прызначыў яго сябрам Найвышэйшай Нацыянальнай рады ў Варшаве – галоўнага органа па кіраўніцтве Паўстаннем y Рэчы Паспалітай. 20 чэрвеня атрымаў ад Касцюшкі патэнт на званне генерал-лейтэнанта. У канцы верасня пад націскам пераўзыходных сіл расейскага войска вывеў рэшткі сваіх атрадаў са Жмудзі пад Гародню. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» – кіраўніком Паўстання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Пасля «Праскай разні» у Варшаве 6 лістапада, пра якую сам Сувораў пісаў: «..Уся Прага была ўсланая трупамі, кроў цякла ручаямі», Тамаш Ваўжэцкі трапіў y палон, быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе напісаў успамін пра Паўстанне.

У снежні 1796 года вызвалены імператарам Паўлам І, вярнуўся на радзіму.

Паддаўся на ўгаворы цара Аляксандра I і пайшоў на службу. З 1808 года – старшыня судова-адукацыйнай камісіі Віленскага універсітэта, адначасна ўзначальваў дабрачыннае таварыства ў Вільні. У канцы 1811 года браў удзел y антынапалеонаўскім з'ездзе шляхты ў Вільні. У 1812 годзе ўзначаліў Літоўскі грамадзянскі камітэт па забеспячэнні харчаваннем расейскага войска. Пасля вайны быў міністрам юстыцыі i пажыццёвым ваяводам y Каралеўстве Польскім. У 1813 годзе увайшоў да Вярхоўнай Часовай Рады Княства Варшаўскага. Быў сябрам Часовага Ўрада Каралеўства Польскага ў 1815 годзе.

Памёр y Варшаве 5 жніўня 1816 года. Пахаваны ў мястэчку Відзы Лоўчынскія Браслаўскага павету.

Падрыхтаваў Лявон Карповіч

07.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты