Навіны

Скарга дзеда Міхеда з Навасёлкаў

На адным з рынкаў райцэнтра на днях да мяне падышоў сівы, але яшчэ фізічна моцны дзядуля, гадоў 85. Пазнаёміліся, завуць яго дзед Міхед. Так ён сябе назваў. Дзед Міхед быў расхваляваны і вельмі незадаволены. “У маім жыцці рознае было і шмат чаго я бачыў. Але, каб дадумацца да такога, слоў няма і мазгі мае не вытрымліваюць…”, – уздыхнуў дзед Міхед. “А вы чым так расхваляваныя?” – пытаюся. І дзед Міхед пачаў казаць усё, што думае. Я дастаў дыктафон і запісаў скаргу гэтага старога чалавека. 

Ёсць, хлопча, такая прымаўка: што баліць, пра тое буду і гаварыць. Скажы ты мне, які дурань, які сляпы і глухі паразіт узяў і адмяніў маршруткі? Тыя міжгароднія маршруткі, якія вазілі людзей па ўсіх гарадах Беларусі? Гэта самае найлепшае, што з’явілася ў нашай дзяржаве за апошнія 20 гадоў. І гэтую справу чорныя вораны вырашылі знішчыць. Чорным воранам мыла не дапамагло, іх не адмыеш. Дзяржава за дваццаць гадоў знішчыла ўсе аўтапаркі, хаця хто ім забараняў закупіць бусаў, наладзіць іх рух у любы горад і мястэчка Беларусі з кожнага райцэнтра? Але ніхто пра гэта не парупіўся, не падумаў. Хлопцы-беларусы за свае сродкі купілі машыны, зарэгістраваліся як прадпрымальнікі, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, а іх бізнэс сёння лёгка вырашылі знішчыць, тым самым зрабіць людзям “дабро”. Гэтым перавозчыкам трэба ўзнагароды даваць, дзякаваць ім, што яны прафесійна наладзілі перавозку па Беларусі людзей, што яны нашым людзям прыносяць радасць, дапамагаюць.

Я некалькі разоў ездзіў у шпіталь у абласны цэнтр. Патэлефанаваў у адну фірму, прыехалі да самай хаты, пасадзілі ў маршрутку, завезлі да бальніцы, прывялі ў прыёмнае аддзяленне і перадалі мяне доктару. Калі выпісаўся – у палату прыйшоў кіроўца, забраў мяне і мае рэчы і завёз проста ў Навасёлкі да маёй хаты. Нізкі ім паклон. Так павінна быць, так трэба, каб было. Скажыце мне, людцы добрыя, ці на дзяржаўным аўтобусе за мной хто прыедзе, адвязе, пакажа? Ды не, хвічку пад нос. Але дзе тыя сёння аўтобусы? Іх няма… Яны на металаломе… згнілі  даўно. Кажуць: шануй людзей, то і людзі цябе пашануюць. І мы шанавалі і радаваліся, што замест cавецкіх марудных і цяжкіх аўтобусаў, людзей пачалі вазіць маршруткі. А цяпер што? Чыноўнікі на крутых “тачках” гойсаюць, ім “пофік”. А людзям простым нават не дазваляюць па-людску праехацца.

Гультаі гэтыя вертыкальшчыкі: яны і седзячы стамляюцца. І што цяпер людзям рабіць, скажыце мне? Як дзецям прыехаць да бацькоў, а бацькам да дзяцей? На чым прыехаць, як дабрацца? Я лічу і думаю так, калі нехта ў Менску вырашыў ліквідаваць маршруткі, дык дайце сваю замену, прапануйце сваё, лепшае, таннае, хуткае… Ніхто нічога не прапаноўвае, а толькі закрываюць, ліквідоўваюць, штрафуюць, знішчаюць, ломяць, б’юць… Працавітаму лёгка перайсці праз гару, гультаям цяжка паварушыць пальцамі. Жах проста… І цяпер нікуды не выедзеш, не дабярэшся… Праўду маці казала: многа ды дурнога!

Сяргей Чыгрын

08.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты