Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча

Нарадзіўся беларускі нацыянальны дзеяч, драматург, тэатрал, адзін з выдатных прадстаўнікоў айчыннай культуры Францішак Аляхновіч 9 сакавіка 1883 году ў Вільні. Ягоны бацька паходзіў з Радашковічаў, быў прафесійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах. Упершыню ён узяў Францішка на спектакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў. Ранняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла шчырае захапленне юнака тэатральнай справай. Ён быў захоплены тэатрам, што замінала ў атрыманні пачатковай адукацыі ў Вільні. Урэшце ён паступіў у Кракаўскую драматычную школу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку звярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы.

Увосень 1904 году Аляхновіч перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую заканчвае ў 1907-ым. Пазней, год папрацаваўшы акторам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысвяціць сябе журналістыцы. На гэты час прыпадае збліжэнне Францішка з актывістамі асяродку “Нашай Нівы”, што прадвызначыла ягоную ролю ў беларускім нацыянальным руху. У канцы студзеня 1910 году Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысуе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую п’есы М. Крапіўніцкага “Па рэвізіі”, адначасна выконваючы і ролю актора. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні, які меў сенсацыйны поспех.

У 1913-ым Аляхновіч за вальнадумства ў друку быў зняволены расейскімі ўладамі ў віленскую турму на Лукішках, там ён пачаў пісаць драматычныя творы. Выйшаўшы з вязніцы, працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за “лацінскія” нумары “Гомана”. Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916-18 гг. быў для яго вельмі плённым. Потым быў менскі перыяд, а ў 1920-ым зноў вяртанне ў Вільню.

У 1926-ым Аляхновіч пераехаў на працу ў БССР, а неўзабаве апынуўся ў менскай турме. Засуджаны да 10 гадоў савецкага канцлагеру і адпраўлены ў Салаўкі. У пачатку 1933-га быў абменены на беларускага палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча.   

Аповесць Аляхновіча “У капцюрох ГПУ” ёсць першым творам сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна арыштантам. П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка. За плённую працу Аляхновіча на ніве тэатру яшчэ пры жыцці яму прысвоілі тытул “бацькі навейшай беларускай драматургіі”.

3 сакавіка 1944 году ў час другой сусветнай вайны ў Вільні ў сваёй кватэры Францішак Аляхновіч забіты невядомымі. Па розных версіях драматурга забілі ні то савецкія партызаны, ні то – акаўцы, ні то фашысты. Хто здзейсніў гэты тэрарыстычны акт – застаецца невядомым. Пахаваны Францішак Аляхновіч быў на Кальвінісцкіх могілках, якія былі знішчаны ў савецкі час. У 1989-ым сімвалічна перапахаваны на могілках Росы.

09.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты