Навіны

Выстава: „Непадцэнзурная Гародня 1983-2018”

12 сакавіка ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адкрыецца выстава „Непадцэнзурная Гародня 1983-2018”.

Як гарадзенскія журналісты баранілі права на свабоду слова і прафесію? Якімі былі незалежныя выданні эпохі перабудовы і незалежнай Беларусі? Як стваралася гісторыя непадцэнзурнага слова ў Гродне?

Пра выставу распавядае супрацоўнік Цэнтра гарадскога жыцця Сяргей Герман:

– „Непадцэнзурная Гародня 1983-2018” – гэта выстава, якая ўвасабляе летапіс свабоды слова ў Гародні, умоўна кажучы ад перабудовы да нашых дзён. Яна ўвасабляе Гародню, яна ўвасабляе тых людзей, якія працавалі на карысць Бацькаўшчыны і на карысць свабоды слова, на карысць свабоды ў першую чаргу менавіта чалавека. Гэта даніна павагі тым людзям, якія змагаліся за сваю прафесію і змагаюцца за сваю прафесію, ну і ў першую чаргу прысвечана людзям прафесіі.    

Па словах Сяргея Германа, на выставе адлюстраваныя імёны гарадзенскіх журналістаў:

– Сярод цікавых людзей, якія адлюстраваныя на выставе – гэта безумоўна Данута Бічэль, Зміцер Кісель, Валер Задаля, Зміцер Ягораў, Павел Мажэйка, Андрэй Мялешка, Ірына Чарняўка, Міхал Карневіч і г.д. Людзей гэтых было вельмі шмат, некаторыя адышлі ў іншы свет, некаторыя з’ехалі, некаторыя засталіся і працуюць у Беларусі.  

Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom, Цэнтр гарадскога жыцця і БАЖ – Беларуская асацыяцыя журналістаў. Выстава адкрыецца ў Гародні 12 сакавіка а 18.30.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/vystava-nepadtsenzurnaya-garodnya-1983-2018/

10.03.2018

праваабарончыя сайты