Навіны

Тры звароты Беларускага Нацыянальнага Камітэта

У субботу, 10 сакавіка, у Менску адбылося пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Камітэта. Сябры Рады разгледзелі шэраг пытанняў. Сярод якіх – пра святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, пра сітуацыю ў краіне і пытанне палітычных рэпрэсій. Падчас пасяджэння Рады  з прапановамі выступілі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і іншыя сябры Рады.

Рада БНК прыняла тры звароты да беларускага. Адзін з іх – зварот рады БНК “Аб святкаванні 100-годдзя БНК”. Другі – пра сітуацыю ў Беларусі. І трэці супраць таго, што ўлада да крымінальнай адказнасці спрабуе прыцягнуць удзельніка мінулагодніх пратэстаў Святаслава Барановіча. Публікуем сёння Зварот Рады БНК “Аб святкаванні 100-годдзя БНР”. ЗВАРОТ РАДЫ БНК

„Аб святкаванні 100-годдзя БНР”

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса вітае рашэнне ўлады дазволіць 25 сакавіка ў шэрагу гарадоў краіны святочныя мерапрыемствы з нагоды 100-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і ўсталяваць знакі ў гонар яе дзеячоў.

Разам з тым Рада лічыць недастатковым для годнага масавага святкавання ў сталіцы краіны юбілею такой важнай гістарычнай падзеі абмежавацца толькі святочным канцэртам у парку каля Опернага тэатра. Канцэрт пад шматлікай аховай міліцыі, за загародкамі, з асабістым аглядам і цэнзурай пры ім сімволікі і лозунгаў, абмежаванні на тэматыку выступаў – усё гэта будзе ствараць у нашага народа і ў іншых краінах уражанне свята свабоды ў канцлагеры. 

Акрамя таго, патрыятычныя сілы, па закліку якіх 25 сакавіка мінулага года беларусы масава выйшлі бараніць свае сацыяльныя і палітычныя правы, не маюць права не згадаць пра гадавіну жорсткага разгона народнага выступу.

Рада БНК настойвае на святочным, вольным ад цэнзуры шэсці па цэнтральнаму праспекту сталіцы. Рада прапануе ўладам задаволіць паўторную заяўку на святочнае шэсце па праспекту Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа да месца святочнага канцэрта.

Рада БНК заклікае грамадзян Беларусі ўзяць удзел 25 сакавіка ў „Маршы годнасці і волі”, які пачнецца ў 12.00 на плошчы Якуба Коласа ў Менску, у другіх святочных мерапрыемствах у сталіцы і іншых гарадах краіны.

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/try-zvaroty-belaruskaga-natsyyanalna/

11.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты