Навіны

2018 — год праваабаронцаў

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст

“У той час, калі праваабаронцы падвяргаюцца нападам, прыгнёту і стыгматызацыі па ўсім свеце... мы павінны аддаць належнае гэтым тысячам мужчын і жанчын, якім мы абавязаныя так шмат”, — сказаў спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст, выступаючы на ​​пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека. “Я шчыра спадзяюся, што 2018-ы перагорне гэтую старонку і стане сапраўдным паваротным момантам для ўсіх нас”.

У гэтыя дні, калі Савет працягвае працу ў межах 37-й сесіі, міжнародная супольнасць адзначае 20-годдзе знакавай Дэкларацыі аб праваабаронцах. Дыпламаты і чыноўнікі скарысталіся магчымасцю, каб паразважаць пра тую важную ролю, якую адыгрываюць праваабаронцы.

“Я глыбока захапляюся мужнасцю і ахвярнасцю праваабаронцаў. Гэтыя людзі і арганізацыі з’яўляюцца нашымі вачыма, вушамі і сумленнем”, — высока ацаніў ролю праваабаронцаў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш

Штучны інтэлект ніколі не здолее ў поўнай меры паўтарыць маральную мужнасць, самаахвярнасць і, перш за ўсё, любоў да ўсіх людзей, якія адрозніваюць праваабаронцаў... Гонарам майго жыцця было знаёмства з многімі з іх, праца з імі і для іх.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн

“Кожны дзень праваабаронцы ва ўсім свеце дэманструюць ўражальную мужнасць ведаць і патрабаваць павагі да правоў чалавека. Яны з'яўляюцца крыніцай натхнення для ўсіх нас, і яны даюць нам надзею. Яны заслугоўваюць ўсялякай нашай падтрымкі”, — сказала міністарка замежных справаў Нарвегіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ.

У снежні 2017 г. Генеральная Асамблея ААН прыняла на аснове кансэнсусу моцную Рэзалюцыю аб праваабаронцах. Гэта стварыла спрыяльны кантэкст для пазітыўнай рыторыкі адносна праваабаронцаў і іх дасягненняў у 2018 годзе.

“Такая высокая ступень зацікаўленасці і свежае бачанне надзеі на праваабаронцаў з'яўляюцца магчымасцю, за якую грамадзянская супольнасць мусіць учапіцца абедзвюма рукамі”, — пракаментаваў важную падзею кіраўнік адвакацыных праграмаў Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF) Фларыян Ірмінгер.

HRHF будзе працаваць у 2018 годзе дзеля абароны, пашырэння магчымасцяў і падтрымкі праваабаронцаў і іх арганізацый, а таксама будзе выконваць сваю ролю па прадастаўленні справаздачаў Генеральнай Асамблеі ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў у тых краінах, дзе HRHF працуе. Усе зацікаўленыя бакі мусяць сказаць сваё слова, адзначыўшы гэтую падзею на нацыянальным і мясцовым узроўнях дзеля таго, каб 2018-ы стаў асаблівым годам для ўсіх праваабаронцаў.

У той час як 2018 год з'яўляецца магчымасцю адзначыць праваабаронцаў, гэта таксама час для развагаў аб абароне, якую прадастаўляе першапачатковая Дэкларацыя, а таксама для ліквідацыі шматлікіх прабелаў, якія сталі відавочнымі на працягу дваццаці гадоў яе рэалізацыі.

“Нам трэба яшчэ больш працаваць па рэалізацыі і ліквідацыі разрыву паміж узгодненымі стандартамі і рэаліямі на месцах”, — дадаў Ірмінгер.

Змена рыторыкі аб праваабаронцах

Шэраг дзяржаваў адзначылі важнасць 2018 года для праваабаронцаў у ходзе інтэрактыўнага дыялогу са Спецыяльным дакладчыкам у СПЧ.

Аўстрыя, Ліхтэнштэйн, Славенія і Швейцарыя вітаюць намаганні Спецыяльнага дакладчыка па пытанні “змянення рыторыкі аб праваабаронцах і прасоўвання пазітыўнага іміджу, адзначаючы іх важны ўнёсак у дэмакратычнае і плюралістычнае грамадства, заснаванае на правах чалавека”.

Еўрапейскі саюз, Аўстрыя, Чарнагорыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Нідэрланды і Германія абмеркавалі святкаванне 20-й гадавіны Дэкларацыі, зрабіўшы акцэнт на “дзеяннях, якія дзяржава павінна зрабіць для больш эфектыўнай падтрымкі праваабаронцаў” і “пераходзе ад скарачэння да стварэння прасторы для праваабаронцаў”.

Нарвегія, у ліку іншых дзяржаваў, заклікала міжнародную супольнасць выкарыстаць юбілейныя мерапрыемствы, а таксама нараду высокага ўзроўню па праваабаронцах, якая мае адбыцца ў Нью-Ёрку напрыканцы 2018 года, дзеля “актывізацыі і канцэнтрацыі намаганняў”.

Праваабаронцы працуюць, каб зрабіць усе бакі нашага грамадства лепшымі. Улады заўсёды павінны забяспечваць адкрытае абмеркаванне і дыскусіі ў грамадстве. Гэта спрыяе лепшым і больш асэнсаваным працэсам прыняцця рашэнняў.

прадстаўніцтва Нарвегіі пры СПЧ

Спецыяльны дакладчык таксама паведаміў, што Францыя, пры падтрымцы з боку іншых дзяржаваў, вылучыла праваабарончую супольнасць на Нобелеўскую прэмію міру, дадаўшы, што “ўсе мы маем гістарычна абумоўленую адказнасць змяніць погляд грамадзянскай супольнасці на праваабаронцаў”.

Аднак не ўсе дзяржавы прадэманстравалі сваю падтрымку ў ААН. У прыватнасці, Расія заклікала да адмены мандата спецдакладчыка.

“Мы шкадуем з нагоды стаўлення Расіі да мандату спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы праваабаронцаў. Гэта абуральны прыклад дэманструе тую працу, якую яшчэ трэба будзе зрабіць для змены рыторыкі ў адносінах да праваабаронцаў”, — сказаў сп. Ірмінгер.

Не абмяжоўваючыся супрацівам падтрымцы праваабаронцаў у ААН, урады шматлікіх краінаў таксама працягваюць пераследаваць праваабаронцаў і іх арганізацыі, а таксама распрацоўваць сістэматызаваныя практыку і заканадаўства, якія закрываюць прастору для іх працы.

“HRHF заклікае дзяржавы, якія маюць сур'ёзныя праблемы ў сферы працы праваабаронцаў, у тым ліку Азербайджан, Беларусь і Расію, прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі Дэкларацыі і ўзяць на сябе абавязак працаваць з правамі чалавека новым, пазітыўным і канструктыўным чынам”, — сказаў прадстаўнік сеткі дамоў правоў чалавека.

У 2018 годзе, 20-я гадавіна Дэкларацыі аб праваабаронцах з'яўляецца выдатнай магчымасцю, каб адзначыць іх важны ўнёсак у справу міру і дэмакратыі, а таксама супрацьстаяць рыторыцы, якая выяўляе іх як тэрарыстаў, праціўнікаў развіцця або як пагрозу нацыянальнай бяспецы.

спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст

Спецыяльны дакладчык завяршыў інтэрактыўны дыялог падсумаваннем свайго досведу у час працы ў межах мандату.

“Карэнныя народы называюць ворагамі дзяржавы і разглядаюць як праціўнікаў развіцця; абаронцаў мігрантаў называюць прыхільнікамі цяжару для дзяржаваў; экалагічныя абаронцы разглядаюцца як рэтраграды; абаронцы свабоды сходаў разглядаюцца як палітычныя дзеячы. Нам трэба знайсці спосабы змяніць гэтую рыторыку і прадставіць больш поўную карціну аб станоўчай ролі, якую яны адыгрываюць ва ўсім свеце”.

Пераклад зроблены паводле humanrightshouse.org

http://spring96.org/be/news/89378

12.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты