Навіны

Amnesty International занепакоена станам здароўя палітвязня Дзмітрыя Паліенкі

Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі.

23-гадовы актывіст “апынуўся ва ўмовах, якія пагаршаюць стан яго здароўя”, у прыватнасці, звязаныя з астмай і адсутнасцю медыцынскай дапамогі ў сувязі з ранай, якую вязень атрымаў у калоніі, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

Amnesty International атрымала пераканаўчыя звесткі аб тым, што адміністрацыя калоніі ізалявала Паліенку з мэтай уздзеяння на яго праз жорсткае абыходжанне. Сярод карных захадаў — зняволенне ў адзіночнай камеры і скарачэнне ліміту грошай для асабістага карыстання. Акрамя таго, у палітвязня ёсць праблемы з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі.

“Напрыканцы снежня 2017 года яго сябры арганізавалі кампанію салідарнасці, але за перыяд навагодніх святаў ён не атрымаў аніводнай паштоўкі”, — піша Amnesty International. — “Сукамернікам не рэкамендуецца размаўляць з ім, а тыя, хто гэта робіць, таксама атрымліваюць пакаранні з боку адміністрацыі калоніі”.

“Дзмітрыю Паліенку вельмі цяжка мець зносіны са знешнім светам, паколькі яго сустрэчы з адвакатам і бацькам, а таксама ўся яго пошта, кантралююцца і цэнзуруюцца з боку адміністрацыі калоніі. Нягледзячы на ​​гэта, ён ясна даў зразумець, што каля двух месяцаў таму атрымаў рану на назе, якая не загаілася, і што турэмны лекар адмаўляецца яго лячыць. Не зразумела, якім чынам ён атрымаў гэтую рану. Дзмітрый Паліенка таксама пакутуе ад астмы. Адміністрацыя калоніі накіравала яго на вытворчасць, якая прадукуе шмат пылу, і гэта пагоршыла яго стан. Не вядома, ці атрымлівае ён адэкватнае медыцынскае лячэнне з нагоды абвастрэння астмы, але яго блізкія сцвярджаюць, што не”.

Amnesty International заклікае ўсіх неабыякавых людзей звяртацца да беларускіх уладаў, у тым ліку да адміністрацыі калоніі №2 у Бабруйску, міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча і Генеральнай пракуратуры, з просьбай “неадкладна і безумоўна вызваліць Дзмітрыя Паліенку як вязня сумлення, пераслед якога звязаны выключна з яго мірнай дзейнасцю”.

Праваабаронцы таксама заклікаюць “забяспечыць доступ вязня да медыцынскай дапамогі”, а таксама гарантаваць яму “ўмовы, якія б не пагаршалі стан яго здароўя”.

Нагадаем, Дзмітрый Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Дзмітрый Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст быў накіраваны ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады. 

22 жніўня 2017 года Amnesty International прызнала Дзмітрыя Паліенку вязнем сумлення. 

http://spring96.org/be/news/89391

13.03.2018

праваабарончыя сайты