Навіны

Лукашэнка прагназуе ўнясенне зменаў у Канстытуцыю

З часам у Беларусі прыйдуць да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Канстытуцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда.

„Я ўжо казаў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з цягам часу мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Асноўны закон, — цытуе Лукашэнку інфармагенцтва БелТА. — Усё вельмі проста, не трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых. Трэба разумець, што заканатворчасць — жывы працэс, як і ўсе законы, падзаконныя акты. Гэта жывы арганізм, які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцця, якое пульсуе наогул у свеце”.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што „апошнімі гадамі прынятыя рашучыя меры па развіцці высокіх тэхналогій, удасканаленні эканамічных адносін, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату, надзяленні шырокімі паўнамоцтвамі мясцовых органаў улады”. „Таму ў гэтым напрамку трэба паглядзець на Канстытуцыю”, — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў: „Моцная і незалежная Беларусь нязменна павінна заставацца дзяржавай, у якой найважнейшай каштоўнасцю выступаюць людзі „.

Паводле яго слоў, суддзі Канстытуцыйнага суда з улікам іх высокага статусу і ведаў павінны аб`ектыўна і комплексна прааналізаваць нормы Асноўнага закона.

„Трэба ўзяць лепшае з сусветнага досьведу, але ні ў якім разе, як гэта было на світанку нашай незалежнасці, ня бегчы ўслед за нейкімі нормамі нейкай Канстытуцыі, каб камусьці дагадзіць. Мы павінны ствараць свае законы і перш за ўсё Асноўны закон для нашай краіны і народа „, – падсумаваў Лукашэнка.

Раней беларускі кіраўнік ужо выказваўся аб магчымым унясенні зменаў у Канстытуцыю. 

З 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Канстытуцыя змянялася двойчы — паводле вынікаў рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў. У першым выпадку была значна ўзмоцненая прэзідэнцкая ўлада, у другім — знятае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

belapan.com

Фота © Sputnik/ Сяргей Гунееў

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/lukashenka-pragnazue-unyasenne-zmenau/

15.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты