Навіны

У 2017 годзе ў Беларусі зафіксаваныя 92 выпадкі парушэння свабоды СМІ

У 2017 годзе ў Беларусі зафіксаваныя 92 выпадкі парушэння свабоды СМІ. Такія звесткі ўтрымліваюцца на „Карце свабоды медыя”, якую падрыхтавала праваабарончая арганізацыя Index on Censorship.

„Карта свабоды медыя” ацэньвае сітуацыю ва ўсіх краінах ЕС, а таксама Албаніі, Босніі і Герцагавіне, Ісландыі, Косаве, Македоніі, Чарнагорыі, Нарвегіі, Сербіі, Турцыі. З постсавецкіх краін у карту ўключаныя Азербайджан, Беларусь, Расея, Украіна.

Адзначаецца, што на працягу 2017 года ў Беларусі затрымліваліся журналісты. Найбольш масавыя затрыманні адбыліся 25 сакавіка падчас акцый з нагоды Дня Волі. Тады затрымалі 36 журналістаў, у тым ліку брытанца Філіпа Уорвіка, які заявіў, што яму было адмоўлена ў праве звязацца з пасольствам Вялікабрытаніі.

За 2017 год журналістам выпісалі 69 штрафаў за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Усяго за 2017 год Index on Censorship праверыла і пацвердзіла 1.089 выпадкаў парушэння свабоды прэсы. Большасць з іх былі звязаныя са службовымі асобамі або ўрадавымі органамі.

У 42 краінах у 2017 годзе шэсць журналістаў былі забітыя, 220 супрацоўнікаў СМІ былі затрыманыя ці арыштаваныя, зафіксавана 178 паведамленняў аб нападзе ці траўмаванні журналістаў. Таксама Index on Censorship атрымала 193 паведамленні аб крымінальных абвінавачаннях або судовых працэсах над журналістамі, 367 паведамленняў аб запалохваннях. Зафіксаваныя 113 выпадкаў пашкоджання або канфіскацыі маёмасці супрацоўнікаў СМІ і 68 выпадкаў цэнзуры.   

БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-2017-godze-u-belarusi-zafiksavanyya-92-vypa/

20.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты