Навіны

410 гадоў з дня смерці Канстанціна Астрожскага

З біяграфіі палітычнага і культурнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага, які прайшоў досыць працяглае жыццё, дакладна вядома толькі адна фіксаваная дата. На 21 сакавіка бягучага году прыпадаюць угодкі з дня яго смерці.

Нарадзіўся Канстанцін (Васіль) Астрожскі ў 1527 годзе ў родавым маёнтку Дубна на тэрыторыі сучаснай Валыні. Паходзіў ён з сям’і старажытнага княжацкага роду, які вёў адлік яшчэ ад тураўскіх князёў. Найбольш славутым прадстаўніком гэтага роду быў бацька нашага героя, які меў такое ж імя – славуты ваяр, палітычна-рэлігійны дзеяч, які здабыў у беларускай гісторыі вялікую перамогу ў бітве пад Воршай. Маці Васіля была княгіня Аляксандра Слуцкая. Канстанціну Астрожскаму-сыну перайшлі ў спадчыну маёнткі ў Менскім, Мазырскім, Наваградскім паветах, ён атрымаў добрую пачатковую адукацыю.

Ужо з 1540-ых гадоў Астрожскі выконваў розныя дзяржаўныя абавязкі, крыху пазней быў старастам уладзімірскім, маршалкам валынскай шляхты, з 1559 году і да канца жыцця – кіеўскім ваяводам. Ён значна павялічыў свае маёмасныя ўладанні, паводле некаторых дадзеных яму належала 59 гарадоў і мястэчак, 856 вёсак, 111 фальваркаў у розных рэгіёнах, гэта быў вельмі заможны магнат ВКЛ.

Як і многія іншыя магнаты княства Астрожскі быў супраціўнікам Люблінскай уніі. У канцы 1580-ых гадоў, у перыяд чарговага міжкаралеўя, ён нават падтрымліваў план перадачы прастолу ў Вільні расейскаму цару Фёдару. Таксама прымаў у сваім Астрозе пасланнікаў Барыса Гадунова, імкнуўся супрацьдзеіць каталіцкай экспансіі ў Рэчы Паспалітай. Астрожскі катэгарычна выступіў і супраць Берасцейскай царкоўнай уніі.

Заслуга гэтага Канстанціна Астрожскага ў нашай культуры найперш у тым, што ў сваім родавым маёнтку Астрог (сучасная Ровенская вобласць Украіны) ён стварыў славяна-грэцка-лацінскую калегію – так званую Астрожскую акадэмію, друкарню, якая была заснаваная ў 1578 годзе Іванам Фёдаравым. Спакваля тут развіўся буйны культурна-асветніцкі цэнтр, дзе гуртаваліся літаратары, настаўнікі, навукоўцы. Дзеячы культуры з Астрогу абменьваліся выданнямі з іншымі рэгіёнамі, выконвалі заказы праваслаўных брацтваў. З гэтага асяродку выйшлі такія асобы як празаік і паэт Андрэй Рымша, дыпламат ВКЛ Міхаіл Гарабурда, друкар з Заблудава Грынь Івановіч, верагодна, што ў Астрогу пэўны час працаваў і Пётр Мсціславец. Менавіта тут былі выдадзеныя першыя друкаваныя школьныя дапаможнікі. Урэшце галоўнай рэлігійна-культурнай акцыяй згуртавання стала рыхтоўля і выданне ў 1581 годзе першай ва Усходняй Еўропе поўнай Бібліі, у аснову якой ляглі і кнігі Скарыны.

Астрожскі вызначыўся таксама як мецэнат праваслаўных цэркваў, ён заснаваў школы ў Тураве, Слуцку, іншых месцах. Пасля смерці пахаваны ў Астрогу каля Богаз’яўленскай царквы.   

 

21.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты