Навіны

Сто год і многія леты

Некаторыя разумнікі кажуць, што для гісторыі сто гадоў гэта не тэрмін. А вось і няпраўда! Панабіралася невучаў, і плятуць абы што. Сто гадоў ім не тэрмін! Сто гадоў, яны і ёсць сто гадоў. Што для гісторыі, што для чалавечага жыццёвага вымярэння, што для ўсёпаглынальнага бязмежнага космасу, дзе час працякае зусім не так, як на зямлі. Даказана, што не так. І тым не менш сто гадоў, яны і ёсць сто гадоў, з якога боку іх не лічы. Хоць cправа налева, хоць злева направа, усядно будзе роўна сто.

Гэта як выпрабавальны тэрмін. Такі, які даюць перад прыёмам на працу. Каму тры месяцы, каму паўгады. Вытрымаў, не зганьбіўся, паказаў сябе станоўча, ну то працуеш далей. Не змог, або праявіў сябе пагана, ну то развітацца трэба. Некалі, як я служыў у войску, казалі што для дзяўчыны выпрабавальны тэрмін два гады. Ну або тры. Столькі, колькі служыць яе хлопец. Калі не забылася і не здрадзіла, то жыццё з ёй варта пражыць разам. А колькі таго жыцця, ніхто не ведае. Але пражыць можна. Колькі адведзена, столькі адведзена. Выпрабавальны тэрмін то прайшла, вось і ўсё. Тыя два, або тры гады.

А тут усе сто! Вось ён, выпрабавальны тэрмін для нацыі! Які яшчэ трэба, каб ганарыцца ёй?! Вытрымаць такі тэрмін можа толькі тая нацыя, якая хоча быць такой нацыяй, якой ёсць, і толькі такой. А не якой іншай. Ну зразумела што пацукі паўцякалі са статка і працягваюць уцякаць, непрыяцелі увесь час азіраюцца і чакаюць правакацый, ворагі таксама ёсць, як у кожнай вялікай нацыі. І як ім і належыць, тым ворагам, не спяць. А мы святкуем свае сто і ні на каго не звяртаем увагу. Ні на пацукоў, ні на непрыяцеляў, ні на ворагаў, ні на сяброў, якімі самы сабе толькі і з’яўляемся.

Мы ж за гэтыя сто гадоў прайшлі ўсё, што толькі можа прайсці нацыя. І раздзел, і аб’яднанне, і духоўны генацыд, і фізічны алкагалізм, зрэшты, і духоўны таксама, і халера ведае што. І вытрымалі ўсё, і засталіся самы сабой. І маем у сваёй гісторыі усё, што маюць сама вялікія імперыі. Нават сваю ўласную дыктатуру. Як старадаўнія грамадзяне вялікай Рымскай імперыі. Праўда ў тых іхны дыктатар аднойчы Рым спаліў. Дзеля натхнення. Мы таксама маглі б спаліць Рым, але не хочам паўтарацца. Гэта ўжо будзе не смешна. Гэта наш усходні сусед палохае свет, што можа спаліць той Рым, а заадно і ўсе астатнія гарады. Вось ён прыклад няспеласці нацыі. Яны, каб заявіць пра сябе, на плагіят гатовыя пайсці. Нам жа гэтага не трэба. У нас ёсць нашы сто, і яшчэ некалькі разоў па сто да гэтых ста. І ўсё! Мы нацыя і будзем святкаваць сваё свята. Нават наша ўлада, якая забараняе ўсё і заўсёды, забава ў іх такая ёсць усё забараняць, гэтым разам сказала: “Гуляйце хлопцы! Толькі не перабіце адзін другога”. І чаму б нам не гуляць?! Сто гадоў гэта не сто грам. Гэта сто гадоў!

Дарэчы, крыху пра сто грам і пра веліч нацыі. Зранку заляцеў у кнайпу палячыцца, а там ужо сядзяць раннія пташкі. Лечацца, здароўе папраўляюць, гамоняць пра нешта… Дай, думаю, паслухаю пра што. А яны, то Трамп, то Тэрэза Мэй, зноў Тэрэза Мэй, зноў Трамп. Зрэдку кажуць Мэркель. А пра Пуціна ні слова. Хоць учора ў таго былі выбары прэзідэнцкія, і ў Гародні вялікі білборд стаяў з тае нагоды. Каб не забыліся, хто ў суседзяў кіраўнік. Але нас гэта не цікавіць! Трамп іншая справа. А ў астатніх маштаб не той, каб мы пра іх гаварылі. Мы б і пра Трампа не гаварылі б, але ж пра нешта трэба. Не сядзець жа моўчкі. Мы ж не алкаголікі. Мы палячыцца прыйшлі, а не напіцца.

А нехта кажа, што сто гадоў гэта не тэрмін. Тэрмін, ды яшчэ які! І яго, каб адсвяткаваць, ужо самы з сабой пасварыліся. Хто за артыстаў, хто за ідэю, а хто і проста каб пасварыцца. З іншымі сварыцца, зноў жа, маштаб не той. А з сваімі, гэта тэма. Мы ж вялікая нацыя. Таму і паводзім сябе адпаведна. Сварымся толькі з вялікімі. З самымі сабой, значыць.

Мы ж нават на святы выкрыкваем і “Многія леты!” і “Сто лят!”. Каб не памыліцца. Бо невядома, што больш. І правільна робім.

З Святам Вас дарагія Беларусы!!!

Многія леты!!!

Сто год!!!

Жыве Беларусь!!!

Віктар Сазонаў


21.03.2018

праваабарончыя сайты