Навіны

У Смаргоні органы адукацыі працягваюць «кашмарыць» шматдзетную маці і яе дзяцей

Па вяртанні ўвечары 20 сакавіка 2018 г. у Смаргонь пасля дня  працы ў Менску адзінокую маці пяці дзяцей Людмілу Аўсянік чакаў ліст, датуемы гэтым жа днём, за подпісам дырэктара ГУА «Вучэбна-педагагічны комплекс Смаргонскі яслі-сад-пачатковая школа» Удальевай Ю.Г.. 

Першымі гэты ліст прачыталі ўсё ж самы дзеці. Ад прачытанага яны былі ў роспачы.  У лісце ж паведамлялася, што ўжо на наступны дзень а 15-й гадзіне сям’ю наведае міжведамасная камісія, з перспектывай разгляду пытання аб прызнанні сыноў Філіпа і Зміцера дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

А чым ўсё гэта заканчваецца, дзеці аднойчы адчулі на сабе: іх забіралі на пэўны час у прытулак. Гэты кашмар, калі яны знаходзіліся без маці, ім настолькі запомніўся, што сын Зміцер пры сустрэчы з ёй сказаў: - “Мамачка, не ідзі заўтра на працу, бо без цябе нас забяруць у прытулак”. І цэлы вечар з гэтай думкай і мальбой не адыходзіў ад маці – баяўся заставацца без яе нават некалькі хвілін.

У лісце дырэктар установы пералічвае 5 прычын для прызнання дзяцей Філіпа і Зміцера тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.             Але з імі Людміла Аўсянік не пагадзілася і падала скаргу на імя старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзія Харужыка.

У скарзе яна выказвае меркаванне, што чарговая хваля пераследу – помста за тое, што яна паведаміла ў сродкі масавай інфармацыі пра праблемы сям’і. І падкрэслівае, што пасля аднаразовага знаходжання ў прытулку дзеці да сённяшняга дня не могуць выйсці са стану шоку. Адзін напамін аб прытулку ў іх выклікае слёзы, а яе здароўе расхістанае бясконцымі, на працягу 7 гадоў, праверкамі і прэтэнзіямі. І просіць старшыню райвыканкама  навучыць супрацоўнікаў бюджэтнай сферы адносінам да шматдзетных сем'яў, бо куды яна не звернецца, паўсюль чуе папрокі наконт колькасці дзяцей і сцвярджэнні, што гэта толькі яе праблема.  Дзяржава ж дэкларуе падтрымку шматдзетных, але на сваім прыкладзе яна бачыць адваротнае.

Раней “Гарадзенская вясна” ужо пісала пра праблемы Людмілы Аўсянік і яе дзяцей.  

 

22.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты