Навіны

40 гадоў з дня смерці Рыгора Шырмы

Знакаміты беларускі хормайстар, фалькларыст, культуролаг Рыгор Шырма нарадзіўся 20 студзеня 1892 у вёсцы Шакуны (Пружанскі раён). Паходзіў з сялянскай, вельмі здольнай сям’і, дзед быў бандаром і меў мянушку “Майстровіч”, бацька і маці ведалі шмат песень. Любоў да песні прывілі таксама хатні настаўнік Салук і настаўнік літаратуры Пружанскай вучэльні Манцэвіч, які навёў на думку Шырму запісваць народныя творы. У Пружанах навучыўся граць на некалькіх інструментах. У 1911-12 гадах Шырма быў слухачом настаўніцкіх курсаў у Свянцянах, дзе прайшоў сальфеджыо. Пасля курсаў настаўнічаў у Лідскім і Свянцянскім паветах (вёска Ганута, Вілейскі раён). Потым быў у Седлецкім настаўніцкім інстытуце, дзе навучыўся іграць на скрыпцы. У Яраслаўлі, куды эвакуявалі інстытут у першую сусветную, арганізаваў хор, навучыўся дырыжаваць. У канцы вайны мабілізаваны ў армію. Пазней настаўнічаў у вёсцы Навагольская Варонежскай губерні.

У пачатку галоднага 1922-га Шырма разам з жонкай вярнуўся на радзіму, але застаў на месцы бацькавай хаты папялішча. Усе запісы, зробленыя Шырмам да вайны, згарэлі ў Шакунах. Працаваў лесарубам у Белавежскай пушчы. Перапісваўся з дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі Браніславам Тарашкевічам (які, дарэчы, нарадзіўся ў той сама дзень і год як і Шырма). Працаваў у Беларускім выбарчым камітэце, настаўнікам спеваў і выхавацелем інтэрнату Віленскай гімназіі. Быў абраны сакратаром Галоўнай управы ТБШ. Наведваў аддаленыя раёны, дапамагаў бібліятэкам, хорам, гурткам ТБШ метадычна, чытаў лекцыі і даклады, запісваў фальклор. З 1933-га разам з Феліксам Стацкевічам выпускаў часопіс “Летапіс ТБШ” (пазней “Беларускі летапіс”), выдаваў зборнікі беларускіх паэтаў – першыя зборнікі Максіма Танка, Міхася Васілька, Сяргея Крыўца.

На фота: шыльда Шырму ў Гародні

У сярэдзіне 1930-ых актыўна працаваў як публіцыст у народнафронтаўскай “Нашай волі”. Стварыў у Вільні два хоры: вучнёўскі пры беларускай гімназіі і студэнцкі пры Віленскім універсітэце. Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, супрацаваў з Міхасём Забэйдам-Суміцкім. Выдаў для хораў зборнікі “Беларускія народныя песні” (1929) і “Наша песня” (1938). Неаднаразова пераследаваўся ўладамі Польшчы: быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі, двойчы арыштоўваўся і сядзеў на лаве падсудных.

У 1940-ым арганізаваў Дзяржаўную акадэмічную капэлу БССР. У другую сусветную выступаў з канцэртамі ў вайсковых шпіталях і частках савецкай арміі. Пасля вайны працаваў з калектывам у Гародні, пасля пераехаў у Менск. Выдаў рэпертуарны зборнік “200 беларускіх народных песень”, пазней сістэматызаваў і апублікаваў у чатырох тамах плён шматгадовай працы “Беларускія народныя песні”. Быў ініцыятарам стварэння значных харавых і вакальна-сімфанічных твораў беларускай музыкі. Шырма – прыхільнік народных і класічных традыцый у мастацтве і літаратуры.

З 1966-га і да канца жыцця кіраваў кампазітарскай арганізацыяй Беларусі, займаўся грамадскай працай, быў дэпутатам Вярхоўнага савету БССР.

Памёр Рыгор Шырма 23 сакавіка 1978 году ў Менску, пахаваны на сталічных Усходніх могілках, на магіле ў 1980-ым пастаўлены помнік працы скульптара Івана Міско. Імя славутага хормайстра носяць Дзяржаўная акадэмічная капэла Беларусі і Пружанская музычная школа, дзе адкрыты прысвечаны яму музей. У Менску і Гародні на дамах, дзе жыў Шырма, усталяваны памятныя шыльды.

23.03.2018

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты