Навіны

Каб быць незалежнай…

Дзень Волі з паэтам Уладыславам Казлоўшчыкам (1892-1943)

25 сакавіка, калі прагрэсіўная і дэмакратычная Беларусь адзначала вялікі юбілей – 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, прыгадаўся мне беларускі паэт з Беласточчыны Уладыслаў Казлоўшчык (Казлоўскі). У 1935 годзе ў Вільні ў яго выйшаў зборнік вершаў “Шляхам змаганьня”. Але пісаў ён шмат не толькі вершаў, але і даследчых, публіцыстычных артыкулаў, матэрыялаў пра спорт, вершаваныя апавяданні, даследаваў беларускі фальклор.

У Дзень Волі мне захацелася перачытаць вершы Уладыслава Казлоўшчыка, якія былі напісаны ажно ў 1920-х-1930-х гадах. Чаму менавіта вершы гэтага паэта? Ды таму, што беларускі паэт з Беласточчыны напісаў шмат патрыятычных радкоў, якія заклікалі беларускі народ да Волі. Чытаю іх сёння і, здаецца, яны напісаны цяпер, у гэтыя дні перад слаўным юбілеем. Давайце пачытаем асобныя радкі ўсе разам. Напрыклад, гэтай страфой пачынаецца верш “Да старонкі”(1928 г.):

Старонка, родная ты маці!

Калі ж ты вырвешся з акоў?

Каб было можна святкаваці

Радасць й волю тваіх сыноў…

Верш “Устань, рыцар слаўны” паэт напісаў у 1930 годзе і апублікаваў у часопісе “Шлях моладзі”. Ён пачынаецца з Пагоні:

Распутай Пагоню

Устань, рыцар слаўны!

Вазьмі у далоню

Наш герб, сцяг дзяржаўны.

Акрый гэтым сцягам

Пакутну старонку,

Ляці роўным шляхам

За воляй ў дагонку…

А ў вершы “Варушыся, моладзь!” паэт звяртаецца да моладзі:

Варушыся, моладзь міла,

Моладзь – будучыня сіла.

Усе на плошчу сабірацца…

А далей у вершы “Пратэст” паэт піша:

Супраць няволі, здзеку, аблуды,

Стогну пры сценках-стральніцах,

Супраць бяспраўя, што гне усюды,

Енку у лохах-вазьніцах,

Супраць тых залпаў, што ў вёсках чую –

Я пратэстую!

Паэт верыць, што Беларусь будзе незалежнай:

Няшчасныя дзеі цябе гартавалі

І сілу давалі ў нядолі бязмежнай –

Ты мусіш паўстаці мацнейшай ад сталі

І быць незалежнай!..

А каб быць незажнай і вольнай дзяржавай – трэба прайсці шляхам змагання:

Пратром свае вочы, працоўны народзе!

Век ночы праходзіць. Ужо – развіднанне.

Ідзём мы магутна, ўсе дружна, у згодзе

Шляхам змагання.

Таму, як піша паэт у вершы “Хай нам жыве…”:

Дык хай жыве Беларусь дарагая,

Смела да волі ідзе.

Мэты сваёй хай хутчэй дасягае,

Люд свой да шчасця вядзе…

                                                                            Сяргей Чыгрын

 

 

25.03.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты