Навіны

Алесь Бяляцкі: Святкаванне было дастаткова супярэчлівым і драматычным

Святкаванне Дня Волі ў Беларусі было дастаткова супярэчлівым і драматычным, – кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі. З аднаго боку, быў дазволены мітынг каля Опернага тэатру ў Менску. А з другога – любыя паўкрокі ў бок ад дазволенага сканчаліся затрыманнямі.

Затрымлівалі нават журналістаў і праваабаронцаў.

– Усяго па Беларусі было затрымана больш за 100 асобаў. Затрымлівалі прэвентыўна. Затрымлівалі незаконна. Ці падчас спробы выезду ў Менск на святкаванне. Ці проста так. Багата за кім проста сачылі, ездзілі машыны, глядзелі, дзе знаходзяцца людзі. Бачна, што ўсё ж такі гэтае святкаванне ў нас ішло сапраўды са слязьмі на вачах. Не так яно гладка і хораша адбывалася, як хацелася б.

Аднак затрыманыя, як удзень святкавання Дня Волі, так і прэвентыўна, былі вызваленыя ўвечары 25 сакавіка. Адносна некаторых былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Аднак суды ў большасці не адбыліся, таму што гэтыя пратаколы не паступілі з міліцыі. Як сказаў Алесь Бяляцкі, „зараз будзем сачыць, што далей будзе з гэтымі пратаколамі, – ці іх вырашылі дапрацаваць, ці закінуць у шуфлядку? Будзем бачыць.” 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/ales-byalyatski-svyatkavanne-bylo-dasta/

26.03.2018

Відэа

праваабарончыя сайты