Навіны

Гарадзенскае Свята Незалежнасці ў лічбах

Арганізатары канцэрта – мітынга ў гонар Дня Волі ў Каложскім парку Гародні падвялі фінансавыя вынікі кампаніі па збору сродкаў на мерапрыемства.

“Мы зрабілі гэта – разам”. Гарадзенскае Свята Незалежнасці ў лічбах

25 сакавіка ў Гародні адзначылі 100-годдзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Свята прайшло ў Каложскім парку і сабрала каля паўтысячы гарадзенцаў. Грошы на правядзенне імпрэзы збіраліся праз краўдфандынг.

Арганізатары падзяліліся інфармацыяй, якая сума была сабраная, як яна патрачаная і на што пойдуць нявыкарыстаныя сродкі.

Агульная сума, якую атрымалася сабраць: 7306 рублёў

Выдаткі размеркаваліся наступным чынам:

сцэна – 2400 р. (апаратура, тэхнічнае абслугоўванне і абсталяванне, дастаўка)

візуальнае аздабленне Свята – 1215 р. (банеры, паліграфія, дызайн, фота, афішы, сцягі)

чысціня – 180 р. (уборка тэрыторыі, арэнда і абслугоўванне біяпрыбіральняў)

канцэртная частка – 956 р. (кампенсацыя транспартных выдаткаў, падзякі музыкам, харчаванне)

арэнда гаспадарчага абсталявання – 1030 р. (пракат генератараў, цеплапушак, сталоў, крэслаў і г.д. і іх дастаўка; паліва, газ; гарбата для валанцёраў)

Усяго – 5781 рубель.

Рэшта – 1525 р.

Нявыкарыстаныя грошы арганізатары накіруюць на ўсталёўку памятнай шыльды.

– Гародня – горад, які прыняў урад БНР пасля вымушанага ад’езду з Менска. Цэлы шэраг будынкаў на нашых вуліцах памятае, як сто гадоў таму менавіта тут, у другой сталіцы БНР, рабілася гісторыя Беларусі. Мы лічым важным, каб у нашым горадзе была ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму вырашылі, што рэшта сабраных сродкаў пойдзе менавіта на гэта, – кажуць арганізатары “Свята Незалежнасці”.

Гарадзенскі аргкамітэт шчыра дзякуе ўсім, хто спрычыніўся да Свята і дапамагаў на кожным з этапаў падрыхтоўкі: людзям, якія падтрымлівалі і дапамагалі збіраць грошы, гарвыканкаму, які забяспечыў медычнае абслугоўванне і грамадскі парадак, бізнесоўцам, якія рабілі зніжкі і бралі ўдзел у імпрэзе, музыкам і выступоўцам, валанцёрам і ўсім, хто абраў Каложскі парк для святкавання гэтай важнай даты.

Гарадзенскае святкаванне 100-годдзя БНР на гэтым не сканчаецца. Да канца года ў Гародні чакаюцца тэматычныя сустрэчы і выступы. Усё толькі пачынаецца.

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/garadzenskae-svyata-nezalezhnastsi-u-li/

29.03.2018

праваабарончыя сайты