Навіны

Больш за 20 тысяч лістоў салідарнасьці з палітвязьнем Бяляцкім апублікавалі ў адной кнізе

Праваабаронца Алесь Бяляцкі выпусьціў новую кнігу — «Лісты салідарнасьці», піша Радыё Свабода.

За два з паловай гады, калі палітвязень адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі, ён сам напісаў на волю больш за тысячу лістоў, а атрымаў у 20 разоў болей. У асобныя дні палітвязьню прыходзіла да 500 лістоў і паштовак. У асноўным гэта лісты падтрымкі, пад некаторымі па некалькі дзясяткаў подпісаў.

«Лісты салідарнасьці» — працяг папярэдняй кнігі «Альбом салідарнасьці», храналёгіі крымінальнай справы, гісторыі зьняволеньня і вызваленьня праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

al-solidar_1.jpg
Алесь Бяляцкі са сваім скарбам — тысячамі лістоў. Фота Радыё Свабода

 

Аўтограф Барадуліна і пах парфумы

Новая кніга-альбом складаецца з эсэ, цыклю пісьмаў, напісаных у адказ на кампанію падтрымкі галяндзкага аддзяленьня Amnesty International, іншых лістоў. У кнізе багата допісаў ад сяброў.

al-solidar_2.jpg
Аўтограф-пажаданьне Рыгора Барадуліна. Фота Радыё Свабода

 

Рыгор Барадулін даслаў палітвязьню сваё фота з подпісам, кароткім аўтографам-пажаданьнем. Генадзь Бураўкін павіншаваў Алеся з 50-гадовым юбілеем паштоўкай, Уладзімер Някляеў тэлеграмай даслаў верш па-беларуску, а потым і сваю кнігу «Лісты да Волі», напісаныя ў турме, Аляксандар Фядута даслаў кнігу «Амэрыканка».

al-solidar_4.jpg
Віншаваньне Генадзя Бураўкіна. Фота Радыё Свабода
al-solidar_5.jpg
Уладзімер Някляеў даслаў ліст з Валадаркі. Фота Радыё Свабода

 

У Бабруйскай калёніі Алесь Бяляцкі атрымаў бандэрольлю сыгнальны экзэмпляр кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды, ХХІ стагодзьдзе».

al-solidar_6.jpg
Подпіс Валера Каліноўскага да кнігі «Справа Бяляцкага». Фота Радыё Свабода

 

Алесь атрымаў за кратамі шмат самаробных паштовак, малюнкаў дзяцей, арыгінальных тэкстаў, вершаў, тэлеграмаў.

al-solidar_7.jpg
Маляваныя паштоўкі дзяцей. Фота Радыё Свабода

 

Лісты напісаныя кірыліцай і лацінкай, герогліфамі, габрэйскімі літарамі. Некаторыя паштоўкі былі з пахам парфумы, былі і з адбіткамі каціных лапак і крамзолямі дзетак.

Пра сваё ліставаньне з-за кратаў з вонкавым сьветам Алесь Бяляцкі расказаў Свабодзе.

Галяндцы прынесьлі ў беларускую амбасаду ў Гаазе торт з партрэтам Бяляцкага

— Алесь, як узьнікла ідэя кнігі?

— Па маіх падліках, мне ў турму прыйшло некалькі дзясяткаў тысяч лістоў і паштовак — прынамсі ня менш за 30 тысяч. А ідэя гэтай кнігі ўзьнікла ў апошнія месяцы адседкі. Я спачатку напісаў першае эсэ «Лісты салідарнасьці», гэта было ў сакавіку 2014 году. Потым былі адказы на кампанію падтрымкі, якую зладзіла галяндзкае аддзяленьне Amnesty International. Іх некалькі дзясяткаў, і яны рабіліся як цыкль публічных эсэ, публічных замалёвак на абсалютна розныя пытаньні, якія людзі задавалі мне. Бо з Галяндыі ў адзін час прыйшло некалькі соцень лістоў.

al-solidar_9.jpg
Букет тульпанаў з Галяндыі. Фота Радыё Свабода

 

Галяндцы наагул праводзілі выключную кампанію, каля беларускай амбасады рабілі ўсё, што хацелі. Напрыклад, які заклікалі, каб людзі адпраўлялі ў беларускую амбасаду пераводы па адным эўрацэнце, каб нагадаць пра палітзьняволеных і пра мяне. Ім адначасова даслалі тысячы такіх паштовых пераводаў.

al-solidar_10.jpg
Торт з галавой Бяляцкага, які прынесьлі ў беларускубю амбасаду ў Гаазе

 

Таксама галяндцы вырабілі торт з маёй галавой. На апошняй старонцы ёсьць здымак гэтага торта, праўда, незразумела, на каго падобная выява — на мяне ці на Лукашэнку. Людзі пазванілі ў амбасаду Беларусі, калі ім адчынілі, і сказалі: «Вось вам торт з галавой Бяляцкага, ежце». Так што галяндцы праводзілі фантастычна цікавыя акцыі. І, вядома, гэтыя тысячы лістоў з адной Галяндыі мяне моцна падтрымлівалі. У мяне зьявілася адчуваньне псыхалягічнай бясьпекі.

У асобныя дні палітвязьню прыходзіла па 500 лістоў

— А наагул, такая колькасьць лістоў, што прыходзілі вам у калёнію, неяк уплывала на адміністрацыю? Можа, гэта раздражняла, ці, наадварот, да вас з большай павагай ставіліся?

— Увогуле, пошта, якая ідзе да палітзьняволеных, падтрымлівае ня толькі самога вязьня, але і пасылае пэўны сыгналь адміністрацыі калёніі, што тут сядзіць папулярная асоба. Гэта адзначыў ня толькі я, але і іншыя вязьні: што лісты з волі аказваюць пэўнае псыхалягічнае ўзьдзеяньне на кіраўніцтва і супрацоўнікаў калёніі.

al-solidar_11.jpg
Сувэніры, зробленыя дзецьмі. Фота Радыё Свабоды

 

Бывалі ж дні, калі мне аднаму прыходзіла больш лістоў, чым усім астатнім дзьвюм тысячам сядзельцаў. Асабліва на сьвяты, на дзень нараджэньня — больш як 500 лістоў за адзін дзень. Хочаш ня хочаш, але гэта ўражвала адміністрацыю. Ня ведаю, якім чынам гэта ўплывала, але эфэкт салідарнай абароны прысутнічаў.

Ліст ад Вацлава Гаўла прыйшоў пасьля яго сьмерці

— Я разумею, што вельмі складана вызначыць зь некалькіх дзясяткаў тысяч самыя адметныя лісты, але ўсё ж — якія самыя дарагія для вас?

— Многія лісты запамінальныя. Але больш за ўсё мяне ўразіў апошні ліст Вацлава Гаўла, які быў адпраўлены за два дні да ягонай сьмерці. Ён тады напісаў лісты палітвязьням, і сярод іх быў і я. Я ўжо ведаў з «Народнай волі», што Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня 2011 году, а ў студзені 2012-га прыйшоў гэты ліст.

al-solidar_12.jpg
Ліст Вацлава Гаўла. Фота Радыё Свабода

 

Для мяне вельмі важная апошняя частка кнігі — «Лісты адзінства», дзе зьмешчаны адкрыты ліст Міхася Скоблы, адкрытыя лісты праваабаронцаў з Армэніі, з Лацінскай Амэрыкі. Гэта не мае асабістыя лісты, але яны вельмі важныя для мяне.

Мне вельмі дарагія і лісты беларусаў. Трэба падтрымліваць і цяпер палітычных вязьняў, якія сёньня знаходзяцца ў турмах — гэта і Зьміцер Паліенка, і Міхаіл Жамчужны. У Беларусі фактычна хтосьці ўвесь час сядзіць у турме за палітычныя перакананьні.

Вязьні прасілі падзяліцца замежнымі маркамі, Бяляцкі ўсім адмовіў

— А якая наагул геаграфія? Адкуль ішлі лісты?

— Афрыка, Лацінская Амэрыка, Ганконг, Японія, Азія, натуральна, уся Эўропа — гэта відаць па штампах і марках.

Некаторыя зьняволеныя зьбіраюць у турме паштовыя маркі, абменьваюцца імі — гэта такое своеасаблівае хобі ў зэкаў. І калі яны бачылі такую колькасьць лістоў з усяго сьвету, яны прасілі маркі. Я адмаўляў, казаў, што гэта ўсё пойдзе ў архіў. Слова «архіў» зэкаў уражвала, і яны адступалі.

— А як удалося вывезьці такую колькасьць лістоў? Яны ж усе захоўваюцца ў вас, кніга багата ілюстраваная.

— Пачаў перадаваць лісты на волю я амаль адразу, папрасіў, каб мне даслалі вялікія плястыкавыя пакеты, пакаваў дзясяткамі і адпраўляў жонцы. Апошнія даходзілі, калі я ўжо выйшаў. Я наагул мару зрабіць выставу, паказаць людзям гэтае маё багацьце.

 

29.03.2018

Архіў

Кастрычнік 2018
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты