Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Яна Цеханоўскага

30 сакавіка 1888 года у вёсцы Якімаўка на Гомельшчыне нарадзіўся беларускі педагог, заходнебеларускі дзеяч Ян Цеханоўскі. Паселішчаў з такой назвай некалькі, верагодна, што наш герой паходзіў з Рэчыцкага раёну. Біяграфія Цеханоўскага даследавана вельмі мала, а энцыклапедычныя даведнікі абмяжоўваюцца сціслымі звесткамі.

Вядома, што ён скончыў Менскую настаўніцкую семінарыю. Два гады вучыўся ў політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. У 1909 годзе ў Менску ажаніўся з Ксеніяй Баландовіч. У 1914 годзе скончыў адукацыю і працаваў выкладчыкам спецыяльных прадметаў. З 1 жніўня 1918 года да 1921-га быў дырэктарам рэальнай школы ў знакамітым мястэчку Ракаў. Як вядома ў 1921-ым годзе была падпісаная ганебная Рыжская дамова, якая падзяліла беларусаў тэрытарыяльна. Неўзабаве за нацыянальную патрыятычную дзейнасць Цеханоўскі быў арыштаваны тагачаснай польскай ўладай. Пасля дастаткова хуткага вызвалення (дапамаглі руплівыя захады жонкі і сяброў) ён пераехаў у Наваградак. З 1 верасня 1921 году гэты педагог быў абраны бацькамі навучэнцаў дырэктарам Наваградскай беларускай гімназіі. На пачатку былі створаны тры класы. Да слова гэтая гімназія дала Беларусі мноства выдатных асобаў, варта згадаць хоць бы знакамітага Барыса Кіта. Сярод выкладчыкаў было таксама нямала знакавых постацяў – Пётр Скрабец, Антон Валынчык, Міхал Чатырка, Аляксандар Данілевіч, Язэп Драздовіч, Аляксандар Орса…

З-за чарговага пераследу Цеханоўскі быў змушаны эміграваць з Наваградку ажно ў далёкую Францыю. Вярнуўся ў Заходнюю Беларусь толькі праз шэсць гадоў – у 1927-ым годзе. Пасля шматгадовай напружанай працы ў арганізаванай ім беларускай школе, дзе Цеханоўскі выкладаў беларускую мову і літаратуру ў старэйшых класах, ён быў пераведзены польскімі ўладамі ў Ашмяну. Там таксама не давалі спакойна працаваць. Супраць Яна Цеханоўскага была арганізаваная гнюсная правакацыя. Падбухтораная банда хуліганаў напала на настаўніка і моцна яго збіла, знявечыўшы. 5 кастрычніка 1938 году Цеханоўскі памёр ад інфаркту ў веку ўсяго 50 гадоў. Пахаваны ў Вільні на Ліпаўскіх могілках. Пазней каля яго знайшла апошні спачын і ягоная жонка, верная паплечніца, таксама былая настаўніца гімназіі, Ксеніяй Баландовіч.

Памяць пра Яна Цеханоўскага, выдатнага настаўніка і беларускага патрыёта сёння фактычна нічым не ўшанаваная. Аляксей Анішчык у 1997-ым годзе пад псеўданімам Андрэй Чэмер выдаў кніжку пра Наваградскую гімназію, якую прысвяціў менавіта Цеханоўскаму. У Наваградку шыльды ў гонар Цеханоўскага няма…

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

30.03.2018

праваабарончыя сайты