Навіны

Красавік 2018

Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на красавік 2018 году

1 красавіка

470 гадоў таму (1548) – Памёр Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў 1506-48 гг.

245 гадоў таму (1773) – У Юршышчах (Лідзкі пав.) нарадзіўся Юстын Нарбут, гісторык, удзельнік паўстаньня 1794 году, стрыечны брат Тодара Нарбута.

75 гадоў таму (1943) – Расстраляны (ці памёр у Берлінскай турме) Антон Неманцэвіч, беларускі ўніяцкі сьвятар, царкоўны дзеяч, вязень савецкіх і фашыстоўскіх турмаў. Працаваў у Слоніме, Альбярціне, Сынковічах.

2 красавіка

165 гадоў таму (1853) – У ноч на 2 красавіка моцная паводка ў Гародні падмыла Каложскую царкву. У выніку абвалілася паўднёвая сьцяна і палова заходняй.

85 гадоў таму (1933) – У в. Зьмяёўцы (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Віктар Шымук, беларускі пісьменьнік, перакладнік.

3 красавіка

45 гадоў таму (1973) – Памёр Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу. Нарадзіўся, жыў і працаваў у Гародні.

4 красавіка

335 гадоў таму (1683) – Памёр Багуслаў Казімер Маскевіч, вайсковы і грамадзкі дзеяч ВКЛ, пісьменьнік-мемуарыст. Пахаваны ў дамініканскім касьцёле ў Наваградку.

155 гадоў таму (1863) – У баі загінуў Юльян Бакшанскі, удзельнік вызвольнага руху, камандзір паўстанцкага атраду, публіцыст. Нараджэнец маёнтку Тупальшчына (Смургонскі р-н). Пахаваны ў в. Плябань (Маладэчанскі р-н).

95 гадоў таму (1923) – У Наваградку нарадзіўся Кастусь Сіткоўскі, беларускі настаўнік, эмігрант (Аўстралія).

5 красавіка

95 гадоў таму (1923) – У в. Старыя Дзевяткавічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Барыс Данілюк, дзеяч СБМ, беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

6 красавіка

70 гадоў таму (1948) – Памёр Мікола Шыла (нар. у 1888 у Смургонях), грамадзкі дзеяч, нашанівец, журналіст, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына).

7 красавіка

35 гадоў таму (1983) – Памерла Ларыса Геніюш, беларуская паэтка, вязень ГУЛАГу. Пахавана ў Зэльве.

9 красавіка

160 гадоў таму (1858) – Нарадзіўся (каля Пінску) Фадзей Дмахоўскі (дата сьмерці невядомая), жывапісец, графік. Пакінуў малюнкі Лідзкага замку.

11 красавіка

210 гадоў таму (1808) – У в. Ляхі (Пружанскі р-н) нарадзіўся Леан Зянковіч, паэт, публіцыст, мемуарыст, удзельнік паўстаньня 1830-31. Вучыўся ў Сьвіслачы.

155 гадоў таму (1863) – Каля вёскі Новы Двор (Шчучынскі р-н) адбылася бітва паміж паўстанцкім атрадам Людвіка Нарбута і расейскім войскам.

15 красавіка

90 гадоў таму (1928) – У в. Рацюны (Браслаўскі р-н) нарадзіўся Павал Жук, вязень ГУЛАГу, удзельнік Нарыльскага паўстаньня, ствараньнік Гарадзенскай абласной Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

17 красавіка

155 гадоў таму (1863) – У Коўне ў шпіталі ад ран памёр Лявон Кульчыцкі (нар. каля 1823), адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году на Гарадзеншчыне.

45 гадоў таму (1973) – Памёр Пётр Юргялевіч, беларускі мовазнавец, педагог, вязень савецкіх канцлягераў. Нараджэнец мяст. Трабы (Івейскі р-н).

18 красавіка 

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін.

180 гадоў таму (1838) – У маёнтку Адамарын (Маладэчанскі р-н) нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі, удзельнік паўстаньня 1863-64, заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг, фальклярыст. З 1878 - да пач. 1900-ых жыў у Нянькаве (Наваградзкі р-н).

20 гадоў таму (1998) – Гарадзенскі хакейны “Нёман” за тур да завяршэння 6-га першынства краіны ўпершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам (галоўны трэнер Анатоль Варывончык).

20 красавіка

260 гадоў таму (1758) – Нарадзіўся (у Слонімскім пав.) Язафат Булгак, уніяцкі мітрапаліт, базыльянін.

125 гадоў таму (1893) – У в. Дордзішкі (Смургонскі р-н) нарадзіўся Леанард Чарняк, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар. Вучыўся ў Ашмянах, працаваў у Эйшышках, з 1920 у Смургонях, у 1933-36 у Трабах.

21 красавіка

185 гадоў таму (1833) – У в. Мастаўляны (Беласточчына) нарадзіўся Віктар Каліноўскі, гісторык, архэограф, адзін зь ідэолагаў паўстаньня 1863 году Жыў у фальварку Якушоўка (Сьвіслацкі р-н).

22 красавіка

155 гадоў таму (1863) – Каля мяст. Азёры (Гарадзенскі р-н) прайшоў бой паміж паўстанцкім атрадам Аляксандра Лянкевіча і расейскім войскам.

25 красавіка

15 гадоў таму (2003) – Па дарозе ў Беларусь памёр Янка Жамойцін, беларускі грамадзкі дзеяч, публіцыст, дзеяч беларускай эміграцыі (Польшча). Нараджэнец в. Клімавічы (Лідзкі р-н).

26 красавіка

Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).

135 гадоў таму (1883) – У варшаўскім шпіталі памёр Напалеон Орда, піяніст, кампазітар, мастак, удзельнік паўстаньня 1830-31. У 1823-ім скончыў Сьвіслацкую гімназію.

27 красавіка

405 гадоў таму (1613) – У Жыровічах заснаваны ўніяцкі кляштар.

29 красавіка

125 гадоў таму (1893) – У Дамброве Беластоцкай (Сакольшчына) нарадзіўся Зыгмунт Штафінскі, каталіцкі сьвятар, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. З 1922-га служыў у Ашмянскім дэканаце, у 1930-31 – вікарыем у Дзятлаве.

 

 

31.03.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты