Навіны

Паэту Віктару Шымуку споўнілася б 85

2 красавіка беларускаму паэту Віктару Шымуку (1933-1998) споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Ён нарадзіўся на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Змяёўцы ў сялянскай сям’і Мікалая і Ганны Шымукоў.

Сын Ганны і Мікалая пасля заканчэння васьмігодкі працаваў у дзятлаўскай раённай газеце “За новую вёску”, вучыўся ў вячэрняй школе, а потым скончыў аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у газеце “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, а з 1977 года быў намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё.

Сваю літаратурную дзейнасць Віктар Шымук пачаў дванаццацігадовым хлопчыкам вершам у дзіцячай газеце “Піянер Беларусі”. А ў 1960 годзе выйшла з друку яго першая кніга пра піянера-героя Колю Гойшыка. А потым выходзілі новыя кнігі, прысвечаныя і дзецям, і дарослым. Сярод якіх былі зборнікі “Мы вясне дапамагалі”, “Дочкі сіняга Нёмана”, “Свіцязянскія хвалі”, “Святло красавіцкіх бяроз”, “Спелы жнівень” і многія іншыя. Усіх было выдадзена 18 кніжак.

Як і бацька, Віктар Шымук меў добры музычны слых, выдатна адчуваў музыку і меў прыгожы моцны голас. Лірызм вершаў паэта прыцягваў увагу беларускіх кампазітараў В.Іванова, І.Кузняцова, М.Пятрэнкі, К.Цесакова, П.Шыдлоўскага, П.Русава, якія на яго вершы напісалі песні. Ды і сам паэт, яшчэ будучы хлапчуком, спяваў у школьным хоры, а ў сталым узросце браў у рукі гармонік і іграў. Іграць навучыў бацька. Нават акампаніраваў на вяселлях, як бацька. Любіў казаць, што на гармоніку ён іграў ажно на 33 вяселлях на Дзятлаўшчыне.  

Творам Віктарам Шымука былі ўласцівы тонкі лірызм, шчырасць і дасціпнасць. Ён пісаў пра свой родны край, пра яго людзей, пра іх турботы і перажыванні. Паэт таксама займаўся перакладамі, друкаваў і крытычныя артыкулы пра творчасць беларускіх літаратараў. Шмат увагі пры жыцці аўтар надаваў пытанню адраджэння беларускай нацыянальнай культуры і мовы: 

Той-сёй гаворыць: аджывае

Ўжо мова родная мая.

А я скажу: яна жывая,

Пакуль жывеш і ты, і я!

 

Пакуль цячэ павольна Прыпяць,

I Свіцязь плешча ў берагі,

I васількі цвітуць у жыце,

I пахнуць росныя лугі…

Віктара Шымука не стала 18 жніўня 1998 года. Ён пахаваны на гарадскіх могілках у Дзятлаве. Памяць пра Віктара Шымука на Дзятлаўшчыне пакуль не ўшанавана.

 

Фота з архіва аўтара


02.04.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты