Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Міколы Шчаглова-Куліковіча

Кампазітар і адмысловец музыкі Мікола Шчаглоў-Куліковіч нарадзіўся 4 красавіка 1893 году на этнічна беларускай Смаленшчыне. Па праўдзе кажучы, дакладны год яго нараджэння невядомы – у крыніцах фігуруюць і 1896 і наступны год, але лепей прыгадаць такую асобу некалькі раз і не адкладаючы гэта.

Хлопчык рана застаўся сіратой, часта гасцяваў у цёткі, што была ігуменняй жаночага манастыра ў Цьвяры. Там ён пачаў спяваць у царкоўным хоры, яго хутка заўважылі выкладчыкі Маскоўскай сінадальнай музычнай вучэльні, што шукалі ў правінцыі здольных музыкаў. Шчаглоў скончыў Маскоўскую кансерваторыю, працаваў на Украіне і Смаленшчыне. У 1936-ым годзе прыехаў у Мінск. Там ён стаў адным з арганізатараў Опернага тэатра і дырыжорам яго сімфанічнага аркестру. Паралельна працаваў рэдактарам на беларускім радыё. Цікава, што ў 1940-ым годзе да дэкады беларускага мастацтва ў Маскве Шчаглоў адмыслова напісаў кантату “Сталін”. Але тое, што адбывалася навокал, ніяк не адпавядала яго светагляду.

Да пачатку другой сусветнай вайны Шчаглоў меў ужо досыць вялікі аўтарытэт і шырокую вядомасць. Калі прыйшла нямецкая акупацыя, ён застаўся ў Беларусі і працягваў сваю працу. У 1944 ўзначаліў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртавання. На лібрэта Наталлі Арсеньневай напісаў некалькі операў: лірычна-рамантычную “Лясное возера”, гістарычную “Усяслаў Чарадзей”, “Кацярына”, а таксама аперэту “Ў вырай”. Паводле музыкі Шчаглова ў Мінскім драматычным тэатры быў пастаўлены спектакль “Затонуты звон” паводле п’есы Герхарда Гаўптмана і рыхтаваўся “Кастусь Каліноўскі” Яўсцігнея Міровіча, які аднак забараніла нямецкая цэнзура.

Мікола Шчаглоў з’ехаў на захад пры наступе савецкага войска, узяў там сабе прозвішча Куліковіч. Нейкі час знаходзіўся ў Нямеччыне ў лагеры для перамешчаных асобаў. У эміграцыі ён таксама працягвае служыць сваёй музе. У 1946-ым арганізуе вандроўны беларускі тэатар эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час ён стварае музыку да Святой літургіі. Жывучы ад 1950 году стала ў ЗША, ён выдаў “Беларускія песенныя зборнікі” (тры выпускі), зборнікі “Калядоўшчыкі” і “Родныя матывы” з апрацоўкамі народных спеваў і ўласнымі песнямі, у ліку якіх “Беларусь, наша маці-Краіна” і “У гушчарах” на вершы Натальлі Арсеньневай, “Пагоня” Максіма Багдановіча, вершы Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Янкі Купалы. Напісаў некалькі тэарэтычных працаў, пакінуў мемуары “Мае ўспаміны”.  

Памёр Мікола Шчаглоў-Куліковіч 31 сакавіка 1969 года ў амерыканскім Чыкага. Ягоны асабісты архіў быў перавезены і захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

04.04.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты